AVE ў Цудзенішках

25 лістапада ва ўрачыстасць Хрыста Валадара, якая лічыцца таксама “нядзеляй пакліканняў”, семінарысты і выхавацелі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне выехалі ў парафіі дыяцэзіі, каб наведаць іх супольнасці, памаліцца разам з людзьмі, сведчыць аб пакліканні і дзейнасці семінарыі, а таксама падзякаваць за ахвяры і малітвы ў інтэнцыі пакліканняў.

Семінарыйны музычны гурт “AVE” разам з рэктарам кс. Віталем Вайцяхоўскім мелі магчымасць раздзяліць радасць урачыстасці з парафіяльнай супольнасцю ў Цудзенішках (Ашмянскі дэканат). Семінарысты падрыхтавалі разважанні на Адарацыю Найсвяцейшага. Сакраманту, падчас якой маліліся з усёй парафіяй аб святых пакліканнях з нашых земляў і праслаўлялі меладычным спевам Езуса Хрыста Валадара Сусвету. Пасля адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя, якую ўзначаліў рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Віталій Вайцяхоўскі. Падчас св. Імшы быў прачытаны ліст Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі на нядзелю Хрыста Валадара.

На заканчэнне ўрачыстасці адбыўся музычны канцэрт гурта “AVE”. Падчас канцэрта семінарысты выконвалі творы са сваіх альбомаў, заахвочваючы да сумеснага праслаўлення Пана сваім спевам.
Па словах парафіянаў,  гэты дзень надоўга застанецца ў іх памяці, як таксама і ў памяці семінарыстаў.