Галоўная

Урачыстасць Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, супольнасць вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адзначыла сваё патранальнае свята. У дэкрэце аб заснаванні духоўнай семінарыі ў Гродне, тагачасны біскуп для католікаў на Беларусі  Тадэвуш Кандрусевіч даручыў семінарыю апецы Найсвяцейшай Панне Марыі Беззаганна зачатай, св. Міхалу Арханёлу і св. Юдзе Тадэвушу. Найсвяцейшая Панна Марыя была абрана галоўнай заступніцай гродзенскай Alma Mater.

 

Урачыстасць галоўнай заступніцы семінарысты правялі ў  поўным засяроджанні. На працягу дня навучэнцы семінарыі разважалі аб таямніцы Беззаганнага зачацця Божай Маці, а таксама прысвяцілі час для разважання аб малітве, убогасці і чысціні ў жыцці будучага святара. Усяму гэтаму спрыяла цішыня і спакойная атмасфера.

Невыпадкова духоўныя практыкаванні прыпалі на час Адвэнту, калі кожны семінарыст імкнецца аддаліцца ад празмернай занятасці і паразважаць над тым, Хто з’яўляецца для яго найвялікшым скарбам і сэнсам усяго жыцця, і што перашкаджае яму, каб падрыхтаваць сваё сэрца да сустрэчы з Ім.   Духоўныя практыкі і малітва ўмацоўваюць будучых святароў у веры і дадаюць духоўныя сілы ў набліжэнні да мэты. Чарговы дзень засяроджання  стаў для навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне добрай нагодай, каб папоўніць сілы на далейшыя дні Адвэнту і духоўна прыгатавацца да надыходзячых святаў Божага Нараджэння.


Выпадковае фота