Галоўная

Час, прысвечаны асаблівай памяці аб памерлых

З 1 па 8 лістапада Каталіцкі Касцёл перажываў актаву Ўсіх Святых. Гэты час прысвечаны асаблівай памяці і малітве аб усіх верных памерлых. А на працягу гэтай актавы можна таксама атрымаць поўны адпуст пад пэўнымі варункамі.


Семінарысты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне пастараліся не змарнаваць Божую ласку, а плённа выкарыстаць магчымасць хутэй выбавіць  сваіх блізкіх памерлых з чысцца.

Першыя дні лістапада будучыя святары прабывалі ў родных парафіях, дзе давяралі душы памерлых Міласэрнаму Богу. А з 4 лістапада і да 8 лістапада ў семінарыйнай капліцы маліліся Нешпарамі за памерлых. У сваёй малітве семінарыйная супольнасць ахінала памерлае духавенства, выкладчыкаў і выпускнікоў семінарыі, памерых семінарыстаў, ахвярадаўцаў і дабрадзеяў, а таксама ўсіх памерлых з сем’яў семінарыстаў і выхавацеляў семінарыі.

На канец актавы, 8 лістапада, была цэлебравана св. Імша ў інтэнцыі ўсіх памерлых. Эўхарыстыю ўзначаліў рэктар семінарыі кс. Віталь Вайцяхоўскі.

Кожны дзень некалькі семінарыстаў наведвалі Старыя могілкі Гродна, дзе пахаваны кс. інфулат Міхал Арановіч, шматлетні гродзенскі пробашч, і кс. Міхал Варанецкі СM, першы духоўны айцец Гродзенскай семінарыі. Падчас кожнага візіту будучыя святары запальвалі знічы на месцы захавання святароў.

.

Выпадковае фота