Галоўная

«Асэнсаваць мінулае, каб зразумець сучаснасць» - адбыўся чарговы дзень засяроджання

4 лістапада адбыўся дзень засяроджання ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Правесці дзень засяроджання для семінарыстаў згадзіўся кс. Юрый Жэгарын, пробашч пар. Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку.

«Асэнсаваць мінулае, каб зразумець сучаснасць» - прагучаў заклік, падчас уводнай прамовы. Гэтыя словы сталі тэмай да разважання на працягу дня.

Аскетычныя канферэнцыі, агульныя і індывідуальная малітвы, адарацыя Насв. Сакраманту, Святая Імша спрыялі таму, каб семінарысты  нанова паразважалі над глыбінёй сваіх адносінаў з Богам, без якіх немагчыма штодзённае жыццё сапраўднага вучня Хрыста.

Дзякуючы разнастайным жыццёвым прыкладам кс. Юрыя семінарысты мелі нагоду яшчэ раз усвядоміць сабе прыгажосць, сэнс і адказнасць свайго жыццёвага паклікання, а таксама мелі магчымасць вучыцца развіваць пакліканне і рабіць усё неабходнае, каб яго не змарнаваць.

Час духоўных практыкаванняў стаў для семінарыйнай супольнасці хвілінамі шчырасці з Богам, якія дапамогуць  будучым святарам распазнаваць свой непаўторны жыццёвы шлях і няспынна сузіраць блізкасць Бога ў штодзённым жыцці.

Завяршыўся дзень засяроджання Нешпарамі за памерлае духавенства, семінарыстаў і свецкіх людзей, якія працавалі ў Гродзенскай семінарыі, а таксама за родных семінарыстаў і выхавацеляў, якія ўжо адышлі ў вечнасць.


Выпадковае фота