Галоўная

"Нічога не рабіць без Хрыста!" - сведчаннe семінарыстаў

Я лічу, што кожную справу, абавязак, працу і вучобу трэба давяраць Езусу. Інакш усе намаганні будуць марнымі і не прынясуць сапраўдную радасць ад крочання за Хрыстом.

dsc


 


Кл. Андрэй Юхнік, ІV курс

паходзіць з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе

Пра пакліканне

Голас Езуса я пачуў як толькі стаў міністрантам, у 5 класе. Гэта быў пакуль што заклік шэптам, бо сам яшчэ не задумваўся над будучым жыццём. Паволі стаў больш цікавіцца жыццём Каталіцкага Касцёла і яго гісторыяй.

Святар, які займаўся дзецьмі і моладдзю ў парафіі, прысвячаў шмат часу і сіл на тое, каб паглыбляць нашу веру. Галоўнае, чаму ён мяне навучыў, гэта павазе і любові да Эўхарыстыі. Так з гадамі я ўсё больш выразна адчуваў, што таксама, як святар, хачу прысвяціць сябе службе на жніве Пана; таксама хачу працаваць з людзьмі і дапамагаць ім у пошуках жывога Езуса Хрыста; таксама хачу адпраўляць св. Імшу. Размовы са святарамі ўсё больш падсілкоўвалі маё рашэнне стаць па іх прыкладзе душпастырам.

Пра бацькоў

Вельмі шмат мне дала сям’я. Бацькі з малога прывучылі да малітвы. Выхоўвалі мяне ў хрысціянскім духу і перадавалі веру, якую самі вызнавалі. За гэта цяпер ім бязмежна ўдзячны.

Пра семінарыю

Часта мы называем семінарыйную супольнасць сям’ёй. Тут вучымся быць адзін аднаму братамі: падбадзёрыць добрым словам у цяжкую хвіліну, а калі-небудзь і зрабіць заўвагу. Вучымся паважаць адзін аднаго. А калі будзем умець любіць і шанаваць членаў супольнасці, палюбім і людзей, да якіх будзем пасланы.


Пра незабыўныя моманты

Улетку мне пашанцавала праходзіць літургічна-душпастырскую практыку ў Шчучыне, падчас “Канікул з Богам”. Для мяне гэта быў першы вопыт працы з моладдзю і дзецьмі ажно ў такім сур’ёзным маштабе. Той досвед застаўся ў памяці на ўсё жыццё! Людзі, якіх сустрэў, назаўжды пасяліліся ў маім сэрцы.

Важнай падзеяй сталі таксама апошнія рэкалекцыі для юнакоў, якія ладзіліся ў семінарыі. Сустрэчы і праца з маладымі людзьмі не могуць не матываваць да нястомнага паглыблення сваіх ведаў і веры. Бо проста сустрэцца і пагаварыць з хлопцамі – адно, аднак як семінарыст я павінен падзяліцца з імі нечым большым...


Пра людзей

Мяне захапляюць сустрэчы з людзьмі. Я бачуся з імі ў парафіі, падчас практык, на катэхезах. Кожная сустрэча пакідае нейкі след у памяці. Вучышся слухаць і чуць іншага чалавека, быць адкрытым на яго патрэбы. Заўсёды ёсць што пераняць ад бліжняга, бо ўсе людзі носяць у сабе нейкую мудрасць.


Думаю, што…

Семінарыст не можа заставацца на тым ўзроўні, на якім ён быў, калі толькі прыйшоў у семінарыю. Павінен прыкладаць усе магчымыя сілы, каб не заглушыць голас Пана ў сваім сэрцы, а чуць яго яшчэ больш дакладна. І гэта датычыць не толькі духоўнай фармацыі, але і інтэлектуальнай, чалавечай, пастырскай, аб якіх калісьці пісаў св. Ян Павел ІІ.

Выпадковае фота