Галоўная

Дакрануцца да гісторыі

6 кастрычніка семінарысты з Гродзенскай і Пінскай семінарый, а таксама іх наймалодшыя калегі-першакурснікі сустрэліся ў сталіцы, каб наведаць выставу «Беларусь і Біблія», якая праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

На выставе студэнты духоўных навучальных установаў убачылі старажытныя рукапісныя скруткі Святога Пісання, а таксама пазнаёміліся з найбольш значнымі перакладамі Бібліі і першадрукамі Кнігі кніг. Семінарысты літаральна “дакрануліся да гісторыі”, калі мелі магчымасць патрымаць у руках скрутак Святога Пісання на старажытнагабрэйскай мове.

На выставе юнакі маглі ўявіць сябе ў ролі перапісчыкаў і друкароў, сваімі рукамі перапісаўшы адзін з псальмаў і паспрабаваўшы, як працуе друкарны варштат, створаны на ўзор тых, на якіх друкавалі першыя кнігі Гутэнберг і Скарына. Семінарысты ўзбагацілі свае веды і атрымалі новыя ўражанні, глыбей усвядоміўшы вялікую каштоўнасць Божага Слова, абвяшчаць якое іх таксама кліча Бог.

Выпадковае фота