Галоўная

Аблучыны і інаўгурацыя новага 2017/2018 навучальнага года

23 верасня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся важныя падзеі: іматрыкуляцыя, аблучыны і інаўгурацыя новага 2017/2018 года. Сёлета двое маладых людзей пераступілі парог нашай Alma Mater, каб праз навуку і малітву далучыцца да грона тых, хто нясе людзям Супакой і Дабро ў Імя Езуса Хрыста.

Урачыстая інаўгурацыя распачалася а 10 гадзіне ў зале імя св. Яна Паўла II, дзе напачатку адбыўся традыцыйны спеў “Bogurodzica” і з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся кс. рэктар Раман Рачко. Працягам насычанай праграмы мерапрыемства стала выступленне кс. прэфекта Андрэя Лішко, які пазнаёміў прысутных з дзейнасцю семінарыі за 2016/2017 навучальны год.

Пасля залічэння на першы курс двух навучэнцаў у семінарыйнай капліцы распачалася Св. Імша, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя кс. бп Аляксандр Кашкевіч, пастыр нашай дыяцэзіі. Падчас супольнай Эўхарыстыі семінарысты Павел Седлярэвіч, Уладзіслаў Малышко і Дзмітрый Дубай урачыста апранулі духоўнае адзенне, якое будзе сведчыць аб іх яшчэ больш шчырым і верным прагненні наследавання Хрыста ў штодзённым жыцці.

Гэты дзень стаў выключным яшчэ для дваіх членаў нашай семінарыйнай супольнасці. Навучэнцы 5-га курса Дзмітрый Малец і Уладзіслаў Мацулевіч прынялі паслугу акалітату, каб яшчэ бліжэй з’яднацца з Хрыстом у Эўхарыстыі і пранікнуцца ў духоўны сэнс дзеянняў, якія будуць выконваць.

Пане Езу, просім Цябе, дадай Тваім вучням адвагі і веры, каб, несучы цяжар уласнага крыжа, не страцілі ў сваіх вачах Аблічча Таго, Хто надае адзіны сэнс іх святарскаму пакліканню.

Выпадковае фота