Галоўная

Заканчэнне акадэмічнага года 2016/2017

16 чэрвеня падчас Святой Эўхарыстыі, якую ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, семінарысты Вышэйшай духоўнай семінарыі дзякавалі Богу за чарговы акадэмічны год, за ўсе дасягненні ў здабыванні ведаў і іншых духоўных каштоўнасцей, за прыклад жыцця і сведчанне веры святароў, якія па Божай волі аказаліся на шляху семінарыстаў падчас іх вучобы.

 

У супольнай малітве ўдзельнічалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, выкладчыкі, свецкія супрацоўнікі і навучэнцы семінарыі. Прысутнічалі таксама святары, якія нядаўна прынялі пасвячэнне. На заканчэнне Эўхарыстыі яны ўдзялілі сабраным прыміцыйнае благаслаўленне.

Кс. Раман Рачко падкрэсліў, што кожны выкладчык робіць свой бясцэнны ўнёсак у жыццё маладога чалавека, які прагне прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і людзям. Рэктар семінарыі таксама падзякаваў усім святарам за іх адданасць і самапрысвячэнне, з якімі яны нястомна суправаджаюць будучых святароў на гэтым нялёгкім шляху да святасці.

На заканчэнне Эўхарыстыі кс. бп Аляксандр Кашкевіч пажадаў семінарыстам добрага адпачынку і прыгадаў, што, нягледзячы на перапынак у вучобе, семінарысты павінны працягваць сваю духоўную фармацыю і штодзённа ўзрастаць у сваім святарскім  пакліканні.

Выпадковае фота