01.03.2020
26 лютага ў Каталіцкім Касцёле распачаўся новы літургічны перыяд - Вялікі Пост. Гэта час асаблівага засяроджання над жыццём; час пакуты і навяртання. Традыцыйна ў кожнай парафіі ладзяцца велікапосныя рэкалекцыі, якія дапамагаюць вернікам глыбей пазнаць сутнасць Вялікага Посту і пакуты, а таксама дапамагаюць падрыхтаваць душу да перажывання Пасхальнага Трыдуума.
Кіруючысыя парадай Паўсюднага Касцёла, з 26 па 29 лютага супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне таксама перажыла велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў пробашч парафіі Спаслання Св. Духа кс. кан. Аляксей Раманчук. Рэкалекцыяніст прапанаваў семінарыстам засяродзіцца над значнымі рэчамі, якія павінны прысутнічаць у жыцці кожнага святара: устрыманнасць, чыстасць, маўчанне, малітва, прабачэнне і пакора. Таксама кс. Аляксей засяродзіў увагу на чатырох тыпах фармацыі святара: агульначалавечай, інтэлектуальнай, духоўнай і пастырскай. Між іншым святар падзяліўся сваім досведам перажывання семінарыйных гадоў і быцця святаром.
Усваенню пачутых навук і канферэнцый спрыяла ціхая і спакойная атмасфера: на працягу рэкалекцый будучых святароў абавязвала маўчанне. У плане рэкалекцый была штодзённая Эўхарыстыя і малітва на Брэвіярыі, Крыжовы шлях, Песні жальбы, пакутнае набажэнства і адарацыя Найсв. Сакраманту.
< Предыдущая | Следующая > |
---|