Галоўная

"Быць верным Богу да канца!" - сведчанне семінарыста

Кл. Яўген Абрамаў, алюмн ІV курса Гродзенскай ВДС

Паходзіць з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе

Будзь Яму верны, і Ён зоймецца табою, раўняй свае сцежкі і Яму даверся” (Сір 2, 6). Лічу, што трэба заўсёды давяраць Богу: як хрысціянін, як клерык, як святар. І тады Стварыцель прывядзе цябе, куды трэба.

 

Пра паліканне
Як распавядае мама, я марыў быць каля Пана Езуса з самага дзяцінства.
“Не буду сядзець з табой у лаўках, а буду там”, – паўтараў я і паказваў на алтар.
Ішлі гады. І пасля Першай св. Камуніі я пачаў служыць міністрантам. Неўзабаве пасля прыняцця сакраманту канфірмацыі стаў задумвацца аб сваім пакліканні, аб тым, каб пайсці ў духоўную семінарыю. Маё жаданне падмацоўвалі добрыя прыклады святароў, якія заўсёды былі перад вачыма.†
У 11 классе я паехаў у семінарыю на рэкалекцыі па распазнанні паклікання. Акунуўся ў атмасферу, што панавала сярод клерыкаў. Вельмі добра перажыў гэтыя духоўныя практыкаванні, падчас якіх упэўніўся ў сваім пакліканні. У 2014 годзе паступіў на І курс Гродзенскай ВДС.

Пра семінарыю
Семінарыя рыхтуе нас, алюмнаў, да служэння, перш за ўсё, Богу і людзям. Акрамя гэтага, тут мы паглыбляем асабістыя адносіны з Богам, з братамі. Лекцыі дазваляюць пазнаць Касцёл, у якім мы хутка будзем служыць святарамі, яго навуку.
Галоўная задача ў семінарыйным жыцці – давяраць усе свае справы, цяжкасці, крызiсы Стварыцелю, здзяйсняць Яго волю: не тое, што хочацца мне, але што хоча ад мяне Айцец, тое, што Ён для мяне падрыхтаваў.

Пра цяжкасці
Падчас фармацыі ў семінарыі я яшчэ больш глыбока ўсвядоміў, што без Божай ласкі немагчыма пераадолець розныя клопаты, перамагчы складаныя моманты. Але хачу заўважыць: усё, што здаецца няпростым, толькі ўмацоўвае ў пакліканні. Таму шматлікія цяжкасцi, якiя сустракаюцца на шляху да святарства, я з даверам аддаю ў рукi Бога.
Як гаворыць у Святым Пісанні апостал Павел, “усё магу ў Тым, хто мяне узмацняе” (Флп 4, 13). Вельмі ўдзячны Усявышняму, што падтрымлівае мяне на абранай дарозе жыцця.

Пра святарства
Святарства – гэта вялікі Божы дар для ўсіх людзей, таму што дзякуючы пакліканым да святарства мы маем магчымасць сустракацца з жывым і сапраўдным Богам, а нават больш – можам прыняць Яго ў сваё сэрца.

Думаю, што…
Сёння нямала тых, хто стаіць перад выбарам жыццёвага шляху і чуе заклік ад Бога пайсці служыць на Яго ніву. Хацеў бы скіраваць некалькі слоў да маладых людзей, каб не баяліся адкрыць свае сэрцы на гэты голас, не баяліся даверыцца Богу, Яго провіду і адказаць на сумненні “так”. Бо сапраўды многа пакліканых, але мала выбраных. І яшчэ менш тых, хто адказвае на Божае запрашэнне.
Дарагая Моладзь! Жадаю, каб Вы знайшлі сябе ў жыцці, каб шлях, які выбераце, быў згодны з Божай воляй. Толькі тады зможаце быць па-сапраўднаму шчаслівымі. Няхай Вам у гэтым дапаможа Найсвяцейшая Маці і ўсе святыя.

Выпадковае фота