n5

Аб’яўленне Пана
Аб’яўленне Пана
   “…Вось прыбылі магі з усходу ў Ерузалім.… Убачыўшы зорку, яны вельмі ўсцешыліся. І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан і міра.” (Мц 2, 1, 10-11).

Аб’яўленне Пана

   Урачыстасць Аб’яўлення Пана была вядома на Усходзе ўжо ў III веку. Па-грэчаску назва гэтага свята гучыць як Epifania, што азначае з’яўлянне боства ў людской постаці. У літургіі гэтая ўрачыстасць звязана неразарвальна з Божым Нараджэннем. Праз 100 гадоў пазней яна з’явілася таксама на Захадзе, дзе ператварылася ў свята Трох Каралёў. Паклон магаў-мудрацоў, якіх прывяла да Езуса зорка, указвае, што ўвесь Сусвет – зорка, а таму космас быў закрануты нараджэннем Хрыста. Пагане-мудрацы прыбываюць да маленькага Езуса, каб ушанаваць Бога.


   Прышэльцы здалёк
    Прышэльцы здалёк – гэта каралі, як даносіць да нас традыцыя. Гісторыкі сцвярджаюць, што гэтыя мудрацы былі вядомы ў Вавілоне, у дварах персаў і мідзянаў. Магі, якія там развівалі актыўную дзейнасць у розных напрамках, моцна ўплывалі на палітычнае, рэлігійнае і грамадскае жыццё краіны. Іх заданне – ажыццяўленне культу і растлумачэнне з’яваў прыроды. У апошнім іх прызнавалі бясспрэчнымі аўтарытэтамі. Яны ведалі значэнне астранамічных з’яваў і калі гэта было патрэбна, то надавалі ім адпаведны сэнс.
    Святое Пісанне не гаворыць, колькі было мудрацоў. Іх магло быць многа. Але паводле традыцыі іх было трох, адпаведна таму, колькі дароў было імі прынесена: золата, ладан і міра. Аналагічна Святое Пісанне не падае іхніх імёнаў. У нашай традыцыі былі прыняты імёны: Каспэр, што азначае “годны хвалы” ён павінен быць чарнаскуры, мець самы высокі рост і паходзіць з Эфіопіі; Мельхіёр ці “Бог ёсць маім святлом” павінен быць самага ніжэйшага росту і паходзіць з Егіпту; нарэшце Бальтазар ці іншымі словамі “Бог прыняў яго жыццё” павінен быў паходзіць з Усходняй Азіі.

   Ахвяраваныя дары
    Мудрацы прынеслі дары Дзіцятку, каб споўніліся прароцтвы пра тое, што каралі Усходу і валадары ўсіх народаў прыносяць дары Месію і будуць яму служыць (Пс 72, 10-11, Іс 60, 1-10). Мудрацы падаюць на калені перад Езусам, бо прызнаюць Яго Богам. Цудоўныя былі тыя дары мудрацоў: золата, ладан і міра. У Ізраілі золата было вядома даўно. Яго не лічылі самым каштоўным,бо ведалі, што багацце праходзіць. Для ізраільцянаў яно азначала тое, што ёсць на свеце прыгожае, багатае, слаўнае і вартасцёвае, у дадзеным выпадку азначала – Валадара свету. У паганскім свеце ладан лічылі духмянасцю, якую прыносілі ў якасці ахвяры. Ладан палілі ў святыні падчас складання ахвяраў дзеля ўшанавання якога-небудзь боства. Дым, які ўзносіўся ўгару, з’яўляецца сімвалам малітвы да Бога, як адлюстраванне пашаны і хвалы Яму. Міра – гэта каштоўны бальзам, які ўжывалі падчас урачыстасці, каб навокал разыходзіўся прыемны пах. Мірай намашчалі таксама памерлых, а дабаўленая ў віно, яна ўзмацняла яго і садзейнічала таму, што той, хто яго выпіваў, быў злёгку адурманены. Таму такі напітак падавалі асуджаным. Падчас аб’яўлення мудрацоў з Усходу міра была прадвесцем чалавека-ахвяры, збаўленчай мукі Езуса. У трох мудрацах першапачатковы Касцёл бачыць сябе, усю чалавечую сям’ю, сярод якой з’явіўся Хрыстус, а якая ў выглядзе сваіх прадстаўнікоў прыходзіць з ускраінаў зямлі пакланіцца Яму.


Read More >>

Улюбёныя ў Хрыста сёстры і браты!
Улюбёныя ў Хрыста сёстры і браты!

Хачу падзякаваць за дапамогу для нашай семінарыі

   Улюбёныя ў Хрыста сёстры і браты!

    У чарговы раз у сваім жыцці мы адзначылі святы Божага Нараджэння. Трэба прызнацца, што гэта найбольш чаканыя святы як для дарослых, так і для дзяцей. Кожны з нас па-новаму і па-своему правёў іх. Але кожны з нас атрымаў ад Творцы той жа самы Дар – Бог стаў адным з нас. Бог, якога чалавецтва не бачыла, а толькі чула, дзякуючы прарокам стаў бачны і датыкальны. Таму 24 снежня б.г., так як гэта было ў папярэднія гады, мы паспяшаліся ў нашыя парафіяльныя касцёлы і кожны накіраваў свае крокі да ясляў, каб убачыць і схіліцца перад вялікай таямніцай нашай веры: каб падзякаваць Усемагутнаму за найвышэйшы дар Божай Любові.
    У гэтыя дні мы разважаем і спрабуем зразумець Божую Любоў. Мы вучымся ад Творцы, як павінны любіць мы самі ў сённяшнім свеце.
    Цяпер Касцёл адзначае год, прысвечаны святому Паўлу-апосталу. Адсюль разам са св. Паўлам мы хочам прынесці Богу нашую песню падзякі за Яго вялікі цуд Уцелаўлення. Ён – Першародны Сын нябачнага Бога, сышоў з вышыняў неба, каб ізноў узвысіць нас на зямлі і паставіць па-над усімі стварэннямі. У тую ноч бэтлеемскага цуду наш нябачны Бог стаў нам такі блізкі, датыкальны, такі людскі. Я хачу ад імя ўсёй семінарыйнай супольнасці пажадаць вам усяго найлепшага на радасныя святы Уцелаўлення Нябачнага Бога.
    Няхай Хрыстус, які быў паслухмяны адвечнай волі Айца, увойдзе ў гісторыю жыцця кожнага з нас, прынясе Вам дар супакою сэрца, якое толькі ў Ім можа знайсці паўнату шчасця і радасці. Нараджэнне Езуса Хрыста няхай зробіць нас блізкімі, больш людскімі – па Яго ўзоры. 

Выхаванне і заданні руху “Святло – Жыццё”
Выхаванне і заданні руху “Святло – Жыццё”
Выхаванне і заданні руху “Святло – Жыццё”

   У папярэднім артыкуле я ўспамінаў пра паўстанне і развіццё руху “Святло – Жыццё”, аб яго агульным заданні і сімвалічным знаку. На гэты раз я хацеў бы непасрэдна паразмаўляць з чытачамі пра заданні і расказаць пра змест выхавання названага руху, а таксама згадаць пра перажытае летам падчас рэкалекцый гэтага руху.
Падчас набажэнства Святла і Вады

   Выхаванне руху “Святло – Жыццё”
    Аснова працы ў руху – гэта выхаванне. А выхаванне – гэта фарміраванне сваёй асобы, духоўнага развіцця, веры. “Тэхнічны” бок выхавання – ступені, якія сцісла падпарадкаваны да веку ўдзельніка. Гаворыцца пра залічэнне чарговых ступеняў выхавання. Каб іх залічыць, трэба на працягу года працаваць у супольнасці руху ў парафіі, увянчэннем чаго з’яўляецца выезд на канікулярныя рэкалекцыі руху. Праца ў маладзёжным каталіцкім руху асноўваецца на працягу года перш за ўсё на “будаўніцтве” і ўзмацненні сваёй супольнасці, галоўным праяўленнем чаго з’яўляюцца штотыднёвыя сустрэчы членаў руху ў групах. Аніматар (натхняльнік, ініцыятар) сустракаецца з асобамі, якія ўваходзяць у яго групу, і вядзе размовы, дыскусіі, там чытаецца і раважаецца які-небудзь фрагмент Святога Пісання.
    Тэматыка сустрэчаў звязана з Богам, з верай. Ініцыятар стараецца сфарміраваць правільныя паставы членаў сваёй групы ў такіх справах, як малітва, правільная пастава сапраўднага хрысціяніна, правільнае абыходжанне з людзьмі, а таксама перадае вартасці, якія ён здабыў, калі сам праходзіў усе ступені выхавання ў руху. Безумоўна, тут хапае месца і на забавы, супольны спеў і іншыя формы правядзення часу.

   Заданні руху “Святло – Жыццё”
    Ключавое заданне руху “Святло – Жыццё” – давесці яго членаў да сталага хрысціянскага жыцця, г.зн. фарміраванне сталага хрысціяніна як новага чалавека ў Хрысце. Духоўнасць руху “Святло – Жыццё” бярэ свой пачатак з духоўнасці свайго заснавальніка. І гэтая духоўнасць з’яўляецца яго харызматам: “святло”, дадзенае Богам, якое было акрэслена кс. Францішкам як нязменная рэчаіснасць. А каб гэтае “святло” стала “жыццём” неабходны выхаваўчы працэс. Мэта такога працэсу – увядзенне ў жыццё рысаў духоўнай асобы. Ксёндз Францішак не падае сумы рысаў характару сталай асобы, а толькі акрэслівае асобу як новага чалавека. Ва ўсім выхаваўчым працэсе новага чалавека супрацьстаяць два вобразы: старога і новага чалавека. Стары чалавек – гэта асоба, заняволеная грахом, аддзелена ад Бога, замкнутая ў сабе і на іншых людзей. Такога чалавека акрэсліваюць паняцці: спажывецкі, з выхадкамі, зняволены, якім маніпулююць. А асоба супольнасці з руху – аб’яднана з Богам і братамі. Новы чалавек – гэта адноўлены Богам, які пазнаў адкупленне ў Езусе Хрысце. Хрыстус – Слуга прыходзіць для таго, каб служыць. Гэта ў Ім мы маем вобраз Новага Чалавека ў поўным значэнні гэтага слова. Хрыстус – Слуга – гэта Слуга Яхвэ, які быў пасланы і пакліканы выканаць Яго план і Яго волю. Член руху пераўвасабляецца ў паставу Хрыста, аддадзенага і прысвечанага службе і паслухмянасці Айцу і людзям, сваім братам. Побач з Хрыстом стаіць Беззаганная – Служанка – самы дасканалы ўзор новага, цалкам адкупленага чалавека, бо такая асоба рэалізуецца ў адносінах да Хрыста цераз поўнае Яму адданне. Узорам такога аддання ёсць Марыя. Чарговы этап у выхаванні новага чалавека – гэта новая супольнасць. Людская істота ў сувязях з іншымі стварае новую супольнасць, што становіцца для асобы вытокам росту і выхавання. Стварэнне новай супольнасці мае два вымярэнні: супольнасць з людзьмі і супольнасць з Богам. Дзякуючы супольнасці з Богам чалавек становіцца здольны да бескарыслівай службы і можа зрабіць дар з сябе. Такая супольнасць становіцца асяроддзем росту новага чалавека. Дзякуючы такому выхаванню асоба здольна стварыць новую культуру. Яна знаходзіцца пад натхненнем Святога Духа, каб выпраменьваць сутнасць жыцця новага чалавека і новай супольнасці. Гэта сутнасць грунтуецца на ажыццяўленні ўсіх тых вартасцяў на службе Хрысту і братам у сучасным свеце. 

Семінарыйная хроніка
Семінарыйная хроніка
Семінарыйная хроніка
Набажэнства ў семінарыйнай капліцы

   23 лістапада б.г. каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Хрыста-Валадара. У гэты дзень сярод душпастыраў, якія працуюць у нашых парафіях, можна было заўважыць прадстаўнікоў нашай Аlma Mater Grodnensis. Клерыкі хацелі ў гэты дзень быць бліжэй да тых, да якіх праз некаторы час яны будуць пасланы як святары, каб ужо цяпер падзяліцца сваім досведам Бога і заадно заахвоціць вернікаў да духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі семінарыстаў на іх высакародным шляху.
    З гэтай нагоды алюмны мелі шанс паразмаўляць з тымі, з асяроддзя якіх (праз нядоўгі час) выйдуць будучыя кандыдаты да святарства і манаскага жыцця, гэта значыць з міністрантамі і парафіяльнай моладдзю і адначасова падтрымаць іх на шляху жыцця, згоднага з прынцыпамі Евангелля.

    29 лістапада быў днём, які заканчваў літургічны год, але ўжо традыцыйна ў семінарыі гэты дзень праводзілі весела. Як і кожны год на суд гледачоў было вынесена кабарэ, арганізаванае братамі другога і чацвёртага курсаў. Згодна з дэвізам: “пункт погляду залежыць ад пункту, дзе сядзіш” алюмны паспрабавалі паказаць сваю мадэль функцыянавання семінарыі, неабавязкова аб’ектыўную, якая ў значнай ступені адрозніваецца ад той штодзённай і звычайнай.

    7 снежня ў семінарыйнай супольнасці праходзіў чарговы дзень скупення. Праводзіў гэты дзень запрошаны айцец-сэрцанін. Тэмы канферэнцый датычылі асаблівай падрыхтоўкі на чаканне Езуса па ўзоры асобаў, на якія ўказвае нам Евангелле ў гэты літургічны перыяд: Яна Хрысціцеля – як выразны знак пакоры, Марыю – прыклад простай веры.
    Нядзельныя Нешпары замкнулі дзень асаблівага засяроджання над сабой. 

Роздум хрысціяніна на тэму New Age
Роздум хрысціяніна на тэму New Age
Роздум хрысціяніна на тэму New Age

   20-22 лістапада б.г. перад урачыстасцю Хрыста – Валадара Сусвету ў Вроцлаве (Польшча) адбыўся XXIV агульнапольскі форум маладых, які быў арганізаваны тэалагічным кружком алюмнаў Мітрапалітальнай Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Вроцлаве. Стала добрай традыцыяй удзельнічаць алюмнам нашай семінарыі ў гэтым форуме.
    Тэма сёлетняга з’езду: магія, акультызм, варажба – і ўся праўда пра гэта. На працягу трох дзён маладыя людзі задумваліся над праблемамі, звязанымі з небяспекамі, што нясе ідэалогія New Age, якой падвергнута асабліва моладзь, стараліся адказаць на складаныя пытанні: як супрацьстаяць гэтай ідэалогіі і дзе шукаць дапамогі перад негатыўнымі яе вынікамі.
Удзельнікі форуму - падчас выступленняў

   Розныя абліччы New Age
    Сярод людзей сучаснай заходняй цывілізацыі можна заўважыць з аднаго боку адмову ад традыцыйных хрысціянскіх вартасцяў, этыкі і хрысціянскай маральнасці, выключэнне Бога са свайго жыцця ці адхіленне Яго на апошняе месца, а з другога боку – узрастаючая цікавасць да магіі, акультызму, да чараў, хірамантыі, астралогіі. Многія людзі чытаюць гараскопы, вераць у забабоны і кіруюцца імі ў сваім жыцці. Многія ўдзельнічаюць у спірытычных сеансах, ходзяць да варажбіткаў, каб “адхіліць краёчак таямніцы”, карыстаюцца ўслугамі празорцаў, “лечацца” ў біяэнергатэрапеўтаў і іншых “лекараў”, носяць амулеты, талісманы, займаюцца ёгай, айкідо, трансцэндэнтальнай медытацыяй і іншымі ўсходнімі рэлігійнымі практыкамі. Вялікія карпарацыі трацяць немалыя грошы на свае будынкі паводле філасофіі feng shui. Людзі не задумваюцца над вынікамі сваіх дзеянняў, карыстаюцца гомеапатычнымі сродкамі, слухаюць “цяжкую” музыку. Бацькі купляюць сваім дзецям кнігі (напрыклад пра Гары Потэра), часопісы, дзе прапагандуецца магія і акультызм. А колькі фільмаў, кампьютэрных гульняў, мультфільмаў і коміксаў вучаць дзяцей і моладзь акультыстычнаму і магічнаму мышленню! Усё гэта і шмат іншых практыкаў так званай “новай рэлігійнасці” прапануе сучаснаму чалавеку ідэалогія New Age.
    Нягледзячы на сваю назву “Новая эра”, у New Age няма нічога новага, яна распаўсюджвае навучанне старажытных і сучасных паганаў і атэістаў. Безумоўна, на працягу вякоў змянілася знешняя форма, але змест застаўся той жа самы: зрабіць чалавека нявольнікам зла і граху.

   Cутнасць New Age
    Назва New Age з’явілася ў 70-ыя гады XX ст. New Age - гэта не арганізацыя, а акрэслены тып мышлення, інтэлектуальнае асяроддзе, дзе дзейнічае мноства малых злучаных групаў, дзе няма супольнага цэнтра. Дзякуючы гэтаму такая ідэалогія трапляе ў розныя сферы людской дзейнасці: у медыцыну (напрыклад гомеапатычныя сродкі лячэння), у псіхалогію (метады “пазітыўнага”, “творчага” мышлення, метад неўралінгвістычнага праграміравання), у адукацыю і выхаванне (так званая “адукацыйная кінезіялогія”), у спорт (напрыклад: ёга, некаторыя віды ўсходняй барацьбы), у літаратуру, часопісы, фільмы, мультфільмы, кампьютэрныя гульні, інтэрнэт і г.д. Сучаснаму чалавеку, на якога штодзённа падае лавіна рознага роду інфармацыі, часта вельмі цяжка без глыбокага аналізу адрозніць, што карысна, а што шкодна для яго душы.

    Ідэалогія New Age не мае нічога супольнага ані з сапраўднай рэлігіяй, ані з навукай. Навучанне New Age з’яўляецца мешанінай розных паганскіх вераванняў, магічных і акультыстычных практыкаў і выбраных элементаў будызму, індуізму, юдаізму і іншых рэлігій. Напрыклад, навучанне пра рэінкарнацыю (паўторнае ўцелаўленне) было запазычана з індуізму, які па сваёй сутнасці з’яўляецца адмаўленнем існавання неба і пекла, а ў New Age успрымаюць гэта як узнагароду за дасягненне “найвышэйшай дасканаласці”, у той жа самы час як у індуізме ўжо сам факт, што пасля смерці душа павінна ўсяліцца ў іншае цела ў момант яго нараджэння, лічыцца пракляццем. Для таго, каб надаць выгляд навуковасці ідэалогіі New Age выкарыстоўваецца адпаведная тэрміналогія (энергія, трансцэндэнтальная медытацыя, альтэрнатыўная псіхалогія і іншыя), а таксама назвы навуковых формаў перадачы ведаў (напрыклад: астралагічны круг, сесіі спірытаў, лекцыі пра суфізм). 

Старонка міністранта
Старонка міністранта
Старонка міністранта

Аб малітве
Прагулка на параходзе па Нёмане падчас сустрэчы міністрантаў. З левага боку - рэктар ВДС кс. Юзаф Станеўскі, другі - апостальскі нунцый, арцыбіскуп Марцін Відовіч

   Шаноўныя міністранты!
    У гэтым нумары мы прапануем супольна задумацца над чымсьці вельмі істотным у жыцці кожнага чалавека, у тым ліку і міністранта. Прайшоў Адвэнт, святы Божага Нараджэння, мы рыхтуемся да святаў Аб’яўлення Пана - у падрыхтоўцы да ўсяго павінна нас суправаджаць малітва.
    Малітва – гэта размова чалавека з Богам. Гэта вельмі вялікі дар, які атрымаў чалавек ад Бога, дар дыялогу са сваім Творцам. Мы ўсведамялем, як цяжка нам было б дамовіцца на прыём да якой-небудзь вядомай асобы і не вядома, ці ўдалося б гэта нам ажыццявіць. А Бог, найважнейшы і найдасканальшы, заўжды слухае нас, нашыя малітвы і адкрыты на нас. Часта мы гэта не ўсведамляем і не ацэньваем належным чынам.
    Езус гаворыць: “Заўсёды трэба маліцца і не ўкідацца ў роспач”. Трэба маліцца раніцай і вечарам, перад пасілкам, на працы, калі знаходзімся ў касцёле і - ў небяспецы.
    1. Ранішняя малітва. Вядомы польскі паэт Францішак Карпінскі піша, што было б правільна, каб першую хвіліну дня ахвяраваць Богу і з Ім распачаць чарговы дзень свайго жыцця. Чалавек патрабуе Божай апекі. Сколькі няшчасцяў, злых прыгод можа нас спаткаць на працягу цэлага дня. Ці не варта аддаць сябе і сваіх блізкіх Божай апецы?
    2. Вячэрняя малітва. Вечарам сама душа чалавека хоча маліцца. Ці не справядліва было б падзякаваць Богу за цэлы дзень жыцця, за Яго ласкі і дары, якімі Ён адарыў нас? Падчас вячэрняй малітвы мы молімся тымі ж самымі малітвамі, што і з раніцы, але належыць да таго ж зрабіць рахунак сумлення. Гэта значыць задумацца, што мы зрабілі не так, што было злога з нашага боку ў адносінах да іншых, шчыра Бога папрасіць аб прабачэнні і абяцаць выправіцца ў лепшы бок.
    3. Малітва перад пасілкам і на працы. Малітвай перад пасілкам мы не толькі дзякуем Богу за тое, што Ён падтрымлівае ежай нашае існаванне, але просім, каб гэтая ежа прынесла нам карысць, а не шкоду, каб ежу мы не ставілі на першае месца, бо кожны з нас ведае, што гэта - грэх: неўмеркаванне ў ежы і піцці. Калі св. Дамініка Савіо быў малым хлопцам, то не хацеў есці, пакуль перад ядой не было малітвы.
    На працягу дня людзі шмат часу праводзяць на працы, ці ў школе. Колькі ж карысці б гэта прынесла, калі б сваю працу і навуку яны прысвяцілі Богу.

   Для чаго неабходна малітва?
Чалавек павінен праслаўляць свайго Бога - гэта справядлівая і слушная справа: адорваць павагай і любоўю Таго, каму за ўсё трэба дзякаваць. Чалавек павінен заўжды дзякаваць свайму Творцу за Яго ласкі і дары. Калі мы зробім іншаму чалавеку нешта добрае, то амаль заўсёды чакаем ад яго падзякі. А якая ж вялікая ўдзячнасць належыць Богу, ад Якога мы атрымалі ўсё, што маем? Часта мы робім балюча Творцу, крыўдзячы іншых людзей, дапускаючы розныя грахі, таму мы павінны прасіць заўжды аб прабачэнні і шкадаваць за грахі.
    На кожным кроку мы патрабуем Бога, Яго апекі. Людзі падобны да немаўляткаў, жыццё якіх без клапатлівай апекі маці знаходзіцца пад пагрозай. Таксама і мы без няспыннай апекі Езуса Хрыста не можам адчуваць сябе бяспечнымі і годна жыць. Чалавек - гэта разумная істота і менавіта розум загадвае нам маліцца. Сам Езус заахвочвае нас да малітвы. Перад вамі ўрыўкі са Святога Пісання, у якіх ідзе пра гэта размова і якія трэба знайсці і прачытаць Мц 21, 22; Мц 7, 7-8; Лк 6, 12; Мк 1, 35; Флп 4, 6.

Read More >>