Распачаліся зімовыя рэкалекцыі для міністрантаў

4 студзеня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне распачаліся рэкалекцыі “Распазнанне паклікання” на тэму “Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць... (Лк 2, 10)”. Удзел у духоўных практыкваннях – гэта неацэнны скарб для кожнага юнака, які ўсведамляе сваю адказнасць за выбар уласнай жыццёвай сцежкі і прагне ставіць Божую волю на першае месца.

Каля 60 міністрантаў сустрэліся на супольнай Эўхарыстыі, якую ўзначаліў пастыр дыяцэзіі кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Гамілію прамовіў кс. рэктар Віталій Вайцяхоўскі, падчас якой спрабаваў запаліць у сэрцах удзельнікаў прагненне наследаваць Хрыста ў штодзённым жыцці.

Рэкалекцыі працягваюцца, а юнакоў наперадзе чакае праграма вельмі насычаная, якая апроч іншага прадугледжвае разважанне над Божым Словам, св. Імша, Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, спатканні ў групах, канферэнцыі, індывідуальныя размовы з душпастырам пакліканняў кс. Андрэям Лішко і знаёмства з семінарыйным жыццём.