Урачыстасць нябеснага заступніка семінарыі

29 верасня вернікі ва ўсім Касцёле ўспамінаюць святых Арханёлаў - Міхала, Габрыэля і Рафала. Кожны з іх адыграў асаблівую ролю ў гісторыі збаўлення. Што да св. Міхала Арханёла, то ён з’яўляецца нябесным заступнікам Касцёла на Беларусі.

 

 

Але для супольнасці Гродзенскай семінарыі гэты дзень з’яўляецца асабліва значным. Ад заснавання семінарыі і  да сённяшніх дзён галоўным яе  апекуном лічыцца св. Міхал Арханёл, таму ў гэты дзень семінарысты і выхавацелі святкуюць сваю адпустовую ўрачыстасць.

З гэтай нагоды суботняй раніцай у семінарыйнай капліцы адбылася ўрачыстая цэлебрацыя Літургіі Гадзінаў - Ютрані. А а 12-й гадз. Я.Э. кс. бп Юзаф Станеўскі ўзначаліў св. Імшу.

Яшчэ адной важнай падзеяй гэтага дня стала ўдзяленне паслугі акалітату семінарысту V курса Томашу Мікалайчыку. Пакліканы да службы акаліт асаблівым спосабам будзе ўдзельнічаць у паслузе Касцёла, для Якога Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай жыцця. Акаліты дапамагаюць святарам і дыяканам у выкананнні іх паслугі і ў надзвычайных абставінах будуць удзяляць Святую Камунію вернікам, а таксама несці яе хворым.