Бачны знак прыналежнасці да супольнасці вучняў Пана

8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, трое навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўпершыню апранулі духоўнае адзенне. Прыняццем яго яны пацвердзілі сваю волю радыкальнага імкнення за Хрыстом і абранне святарскага паклікання. Сутаны атрымалі семінарысты Андрэй Юхнік, Віталій Гурэц і Артур Вільнеўчыц.

 

Урачыстую Эўхарыстыю ў семінарыйнай капліцы ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх звярнуў увагу, што духоўная вопратка, якую атрымліваюць семінарысты, – “асаблівы знак дыялогу з Хрыстом і бачны знак прыналежнасці да супольнасці вучняў Пана”.

На заканчэнне ўсім сабраным на гэтай узрушаючай падзеі, асабліва бацькам семінарыстаў, якія апранулі сутаны, і біскупу, падзякаваў кс. Віталій Вайцяхоўскі, рэктар семінарыі. Звяртаючыся да семінарыстаў, святар адзначыў: “Духоўная вопратка перарастае нас усіх, і мы павінны старацца дарасці да яе”, - падкрэсліўшы такім чынам, што гэта нялёгкая мэта, але дасягальная.