Святарскія пасвячэнні

29 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя шматлікія вернікі з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы сталі сведкамі гістарычнай падзеі - надзялення годнасці святара праз ускладанне рук кс. бп Аляксандра Кашкевіча дыякану Андрэю Белаблоцкаму і дыякану Анджэю Ганчару. Сакраманту прэзбітэрскага пасвячэння няспынна спадарожнічала малітва, у якой прысутныя ўзносілі просьбы да Бога аб дарах Духа Святога, так неабходныя для святарскага служэння.

Перад днём пасвячэння будучыя прэзбітэры прынялі ўдзел у рэкалекцыях, якія непасрэдна падрыхтaвалі іх да гэтай важнай падзеі. Рэкалекцыі праводзіў а. Юрый Саковіч OSPPE ў Карэлічах.

Падчас гаміліі іерарх заахвоціў кандыдатаў нястомна ў глыбіны свайго сэрца вяртацца да Таямніцы той падзеі, якую яны сёння перажываюць, каб чэрпаць з Яе смак радасці святарскага служэння. Падкрэсліў, наколькі важна клапаціцца аб прыгажосці святарства, якая абапіраецца на такія каштоўнасці, як вернасць Божай волі, вернасць Касцёлу, вернасць святарскім абяцанням.

Пасля пастырскага настаўлення дыяканы публічна выказалі намер прыняць пасвячэнне ў прэзбітэры і склалі біскупу абяцанне пашаны і паслухмянасці, укленчыўшы і ўклаўшы свае складзеныя рукі ў рукі іерарха. Усе прысутныя святары, стоячы вакол алтара і ствараючы адзіную супольнасць, разам з архіпастырам усклалі рукі на галаву выбранага на знак еднасці і братэрскай лучнасці дыяцэзіяльнага прэзбітэрыя.

У знак невымоўнай радасцi кс. бп Аляксандр Кашкевіч па-айцоўску прывiтаў новапасвечаных святароў пацалункам супакою, які азначае, што біскуп лічыць новапрэзбітэраў сваімі супрацоўнікамі, сынамі, братамі і сябрамі. Пасля гэтага адбыўся працяг урачыстай Святой Імшы, у якой кс. Андрэй Белаблоцкі і кс. Анджэй Ганчар першы раз прынялі ўдзел як святары.