10 студзеня бягучага года ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды 85-гадовага юбілею ксяндза-пралата Ежы Лявінскага.

Ксёндз-пралат Ежы Мар’ян Лявінскі нарадзіўся 2 студзеня 1930 года ў мястэчку Дзятлава Гродзенскай вобласці. З прыходам савецкай улады сям’я будучага святара, як і многія сем’і, была вымушана выехаць у Казахстан, дзе будучы святар правёў сваё дзяцінства. Пасля Казахстана сям’я пераехала ў горад Радам (Польшча). Калі ксёндз-пралат скончыў ліцэй, ён  паехаў вучыцца ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Сандомеж, дзе 29 мая 1955 года прыняў святарскія пасвячэнні з рук ксяндза-біскупа Яна Кенцкага Лорка.

 

Потым ксёндз Ежы 6 гадоў выконваў свае душпастырскія абавязкі, пасля чаго быў накіраваны на  вучобу ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт. Пасля яго заканчэння ксёндз Ежы абараніў у Любліне доктарскую дысертацыю па кананічным праве і шмат гадоў працаваў у дыяцэзіяльнай Курыі ў Сандомежы.

У 1991 годзе, калі ў першы раз адчыніла свае дзверы Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне, ксяндза-пралата запрасілі працаваць выкладчыкам. Ён даў  згоду на працу, і з першых гадоў існавання семінарыі і да сённяшняга дня Ежы Лявінскі з’яўляецца выкладчыкам розных навуковых дысцыплін.

Падчас казання ксёндз-пралат узгадаў пра цяжкасці і асаблівасці фармавання клерыкаў на працягу гадоў існавання семінарыі, а таксама падзяліўся сваім багатым святарскім досведам –  амаль 60 год яго святарскай паслугі ад Польшчы праз Урал да Казахстана. На сённяшні дзень ксёндз-пралат з’яўляецца найстарэйшым выкладчыкам кананічнага права ў нашай семінарыі.

Хочацца таксама ўзгадаць, што вясною адзначыць свой 85-гадовы юбілей ксёндз Тадэвуш Вышынскі, які больш за дваццаць год з’яўляецца выкладчыкам тэалогіі, а таксама касцёльнай музыкі і спеваў.