Свята Божага Нараджэння ў Галавічполлі

17 снежня з нагоды збліжаючыхся святаў Божага Нараджэння группа клерыкаў нашай семінарыі на чале з духоўным айцом кс. Валерыем Быкоўскім наведала Васілішкаўскі дом-інтэрнат, каб падзяліцца радасцю перажывання калядных святаў.

 


У гэтым доме-інтернаце ў вёсцы Галавічполле знаходзяцца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Шчыра кажучы, здавалася, што сэрца будзе споўнена жалем і болем з-за ўбачанага, але пераступіўшы парог гэтага месца, семінарысты апынуліся ў цёплай, хатняй атмасферы, дзе іх чакала мноства адкрытых на Божую любоў дзяцей.З радасці і ўсмешак на іх твары можна было ўбачыць, што яны з нецярплівасцю чакалі на прыезд клерыкаў і падрыхтавалі для іх цудоўную тэатральную пастаноўку аб Божым Нараджэнні.

На пачатку семінарысты пазнаёміліся са сваімі новымі сябрамі і падзяліліся аплаткам, прыпамінаючы адзін аднаму аб айцоўскай любові Бога да кожнага з нас. Клерыкі расказалі хлопчыкам і дзяўчынкам аб Божым Нараджэнні, якое змяніла жыццё кожнага чалавека. Cупольны спеў калядак з музычнай группай “AVE” напоўніў усіх прысутных духам сямейнага перажывання свята Божага Нараджэння, а дзяленне аплаткам і салодкі стол нагадалі сямейную атмасферу вігілійнага вечара.

Трэба таксама ўзгадаць, што сапраўдны дух сям’і адчуваўся дзякуючы дырэктару дома-інтэрната Генадзію Генрыхавічу і яго намесніку Святлане Вацлаваўне, а таксама выхаваўцам, якія вельмі клапоцяцца аб тым, каб дзеці адчувалі цеплыню бацькоўскага дому.

Па дарозе дадому семінарысты дзяліліся сваімі ўражаннямі і былі ўпэўнены, што і сёння ёсць месца, дзе Пан Езус можа зноў нарадзіцца ў сэрцах людзей, якія так моцна адкрытыя на Бога і Яго Любоў.