Служыць, як наказаў Пан

6 снежня адбыліся  дыяканскія пасвячэнні шасці клерыкаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне  з рук ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча, пастара нашай дыяцэзіі.

Згодна з каталіцкай традыцыяй,  дыяканат  – гэта першая ступень святарскіх пасвячэнняў. Падчас абраду пасвячэння біскуп накладае рукі на кандыдатаў не для святарства, а для паслугі. Дыяканы атрымліваюць пасвячэнне не для таго, каб замяняць святароў, а для таго, каб дапамагаць ім. Таму яны не выконваюць функцый, звязаных са святарскім пасвячэннем –  цэлебрацыя святой Імшы, адпушчэнне грахоў, намашчэнне хворых (якое з’яўляецца ў надзвычайных выпадках формай адпушчэння грахоў). Але пры дапамозе Божай ласкі маюць заданне служыць Касцёлу і святарам у паслузе Літургіі Слова і Любові. Прымаючы дыяканат, маладыя людзі прысягаюць вернаму служэнню Хрысту, паслухмянасці Ардынарыю дыяцэзіі, а таксама цэлібату – жыццю да смерці ў бяcшлюбнасці. Да абавязкаў дыякана належыць рэгулярная малітва Літургіі Гадзінаў (брэвіярый).

 

Каталіцкі Касцёл з радасцю прыняў новых дыяканаў у сваю супольнасць. Мы ж запыталіся ў іх, што і калі прывяло іх да семінарыі, як выглядала іх пакліканне і  як яно выглядае цяпер.

 

- Калі Вы першы раз задумаліся аб семінарыі?


Кс. Дк. Дзмітрый Папенюк

Першая мая думка аб семінарыі прыйшла ўжо ў дзясятым класе. Тады я зразумеў, што павінен служыць Богу і людзям.

Кс. Дк. Ян Варанецкі

Увогуле, першыя думкі аб тым, каб стаць святаром, з’явіліся яшчэ ў дзяцінстве, але больш сур’ёзна я задумаўся аб тым, каб пайсці ў семінарыю, у дзясятым класе.

Кс. Дк. Павел Скуба

Аб гэтым першы раз я падумаў яшчэ ў глыбокім дзяцінстве, у сем год.

Кс. Дк. Чэслаў Ладыка

Калісьці, калі мне было яшчэ толькі тры гады, ксёндз-пробашч узяў мяне за руку, завёў у закрыстыю і сказаў, што я ўжо павінен служыць  як міністрант. Ужо тады, гледзячы на ксяндзоў нашай парафіі, я ўсім гаварыў, што я хачу быць такім, як яны.

Кс. Дк. Віталь Пяткевіч

Першы раз задумаўся аб семінарыі, калі па запрашэнні свайго ксяндза-пробашча Яна  я прыехаў у Гродна, а менавіта ў семінарыю на міністранцкія рэкалекцыі, якія ў першы раз адбыліся ў 2004 годзе. Пасля гэтых спатканняў я ўсур’ёз задумаўся аб сваім пакліканні, маліўся і разважаў аб гэтай справе. І толькі праз некалькі год я вырашыў паступіць сюды.

Кс. Дк. Андрэй Бялаблоцкі

У дзесяць гадоў я стаў міністрантам, а прыкладна ў 11-12 гадоў у мяне з’явіліся думкі аб тым, каб стаць святаром.

 

- Што для Вас значыць служыць Богу?


Кс. Дк. Дзмітрый Папенюк

Забыцца пра ўсе свае інтарэсы, пра ўсё, чаго я хачу, а потым аддаць сваё сэрца Езусу Хрысту!

Кс. Дк. Ян Варанецкі

Служыць Богу – гэта, перш за ўсё, любіць яго ўсім сваім сэрцам і з усіх сваіх сіл, а любоў да Бога праяўляецца ў любові да бліжняга. Таму служыць Богу – значыць служыць сваім бліжнім, а асабліва  патрабуючым.

Кс. Дк. Павел Скуба

Прыслухоўвацца да Божага Голасу ў сэрцы і ісці за Ім.

Кс. Дк. Чэслаў Ладыка

Гэты быць сапраўдным чалавекам і з вераю і любоўю прымаць усё, што дае нам Бог кожны дзень.

Кс. Дк. Віталь Пяткевіч

Для мяне гэта значыць ісці за Хрыстом, несучы на сабе свой крыж. Хрыстос з’яўляецца нашым узорам. Ён – той самы “дасканалы чалавек”, які кліча нас стаць Яго вучнямі і ісці за Ім. Сваім прыніжэннем Ён дае нам прыклад для пераймання. Сваёй малітвай Ён прыводзіць нас да малітвы. Хрыстос хоча, каб усё, перажытае і выпрабаванае Ім, мы таксама маглі перажыць у Ім. І каб Ён пражыў гэта ў нас.  Несучы на сабе цяжкі крыж…  Крыж – гэта ўнікальная ахвяра Хрыста, “адзінага Бога і адзінага пасрэдніка паміж Богам і людзьмі – Чалавека Езуса Хрыста” (пар. 2 Цім 2,5).  Хрыстос  заклікае сваіх вучняў: “Вазьмі Крыж свой  і ідзі за Мною” (Мф 16, 24). Апрача Крыжа, няма іншага шляху, які вядзе ў неба.

Кс. Дк. Андрэй Бялаблоцкі

Гэта значыць цалкам аддацца ў рукі Бога і нічога не пакінуць сабе. Аддаць Богу свае

рукі – каб рабіць тое, што Ён хоча,

ногі – каб ісці туды, куды Ён хоча, каб я ішоў,

вочы – каб бачыць людзей, якія патрабуюць Бога,

вусны – каб Езус прамаўляў праз мяне,

волю – каб рабіць толькі тое, што падабаецца Богу,

розум – каб разумець, для чаго я існую на гэтым свеце,

і сэрца – каб любіць тых, да каго я буду пасланы, так моцна, як любіць іх Бог!

 

Як выглядае Вашае пакліканне сёння, калі Вы ўжо сталі дыяканамі?


Кс. Дк. Дзмітрый Папенюк

Яно – як глінянае начынне, над якім трэба бесперапынна трываць.

Кс. Дк. Ян Варанецкі

Перш за ўсё, гэта перажыванне асабістага кантакту з Хрыстом. А таксама ўмацоўванне сувязі з Богам праз малітву і паглыбленне ведаў для будучай душпастарскай працы.

Кс. Дк. Павел Скуба

Служыць і расказваць пра Бога там, дзе цяпер знаходзішся.

Кс. Дк. Віталь Пяткевіч

Пакліканне з’яўляецца не толькі праектам, але і задачай, а значыць, намаганнем у рэалізацыі планаў Бога дзеля ўласнага духоўнага росту і службы іншым. У гэтым значэнні пакліканне ўяўляе сабою найвышэйшы ўзровень развіцця і годнасці асобы, а таксама гарызонтам поўні жыцця і шчасця. Для мяне пакліканне азначае, што Бог, ствараючы чалавека, надзяліў яго рознымі талентамі, якасцямі, і чалавек павінен прытрымлівацца таго плана, які Бог падрыхтаваў для яго. Кожны дзень імкнуся рэалізоўваць і выконваць план Божы. У гэтым плане, як і кожны хрысціянін, напэўна, на першае месца я б паставіў святасць. Таксама аб гэтым нам апавядаюць і дакументы Другога Ватыканскага Сабору, якія пацвярждаюць, што кожны хрысціянін пакліканы, у першую чаргу, да святасці. З кожным днём, гадзінай, хвілінай майго жыцця імкнуся па-сапраўднаму адказваць на голас паклікання, адчуваю, што трэба слухаць не сваё ўласнае “я”, сваіх думак, інтарэсаў, выгадаў, а таксама пазбягаць усіх правакацый, якія ставіць перада мной рэчаіснасць.

Кс. Дк. Андрэй Бялаблоцкі

Сёння я ўжо дыякан і вельмі радуюся, што атрымаў ад Бога такі вялікі дар, што я магу служыць Яму ўжо непасрэдна пры Алтары, на якім здзяйсняецца Найсвяцейшая Ахвяра, што магу чытаць Евангелле і дзяліцца Словам Божым з людзьмі, з моладдзю, з дзецьмі і з братамі семінарыстамі. Сёння я ад усяго сэрца дзякую Богу за дар паклікання. Сёння свет патрабуе святых святароў. Я  малюся аб святасці для ўсіх святароў, а таксама аб святасці для сябе,  каб служыць Богу ўсім сэрцам, усёй душой і з усіх сіл. Таксама я прашу і вас, дарагія чытачы, каб вы маліліся за святароў, каб яны былі сапраўды добрымі пастарамі і каб вялі правільнай дарогай людзей да Бога.