Каб спяваць для Пана!

Учора ў літургіі Касцёла мы ўспаміналі святую Цэцылію – апякунку музыкі і ўсіх тых, хто звязаны з хрысціянскай музыкай і спевам. У нашай Семінарыі ўжо шмат гадоў існуе музычны гурт “AVE”. Мы зацікавіліся, чым сёння жыве  “AVE”, якія планы мае на будучыню, а таксама запыталі, што азначае “спяваць для Пана”сёння, тым больш што ў гэтым годзе “AVE” адзначае  20-годдзе  існавання.


 

У дзень успамінаў св. Цэцыліі падчас казання на святой Імшы , якая адбылася ў семінарыйнай капліцы, кс. біскуп Юзаф Станеўскі зазначыў, што касцёльныя гурты павінны перш за ўсё звяртаць увагу на змест песень, а не на іх дынамічнасць, каб уваходзілі ў душу, а не толькі ў вушы. Песня павінна даходзіць да глыбіні сэрца, каб там застацца, каб яе занеслі да сваіх сем’яў, да сваіх сяброў, да калег. А песня, якая выклікае толькі дынамічныя рухі і танцы, не можа застацца надоўга ў сэрцы.

На сённяшні дзень гурт “AVE” складаецца з шасці ўдзельнікаў.

Кароткае дасье:

Эйсмант Андрэй Антонавіч

Нарадзіўся 10.08.1995 г.

Паходзіць з парафіі імя Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Яна Непамуцэна ў Вялікіх Эйсмантах.

Вучыцца на 3 курсе.

Іграе на акустычнай гітары.

 

Шацінскі Алег Андрэевіч

Нарадзіўся 26.03.1994 г.

Паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Зельве.

Вучыцца на 3 курсе.

Ірае на сола-гітары.

 

Амасёнак Яўген Леанідавіч

Нарадзіўся 8 сакавіка 1987 г.

Паходзіць з парафіі св. Андрэя ў Слоніме.

Вучыцца на 1 курсе.

Іграе на клавішах.

 

Мікалайчык Томаш Віктаравіч

Нарадзіўся 01.04.1996 г.

Паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.

Вучыцца на 2 курсе.

Іграе на ўдарных.

 

Ладыка Чэслаў Казіміравіч

Нарадзіўся 31.07.1989 г.

Паходзіць з парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку.

Вучыцца на 6 курсе.

Саліст.

 

Коўшук Андрэй

Паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы і святога Францішка ў Свіслачы.

Вучыцца на 4 курсе.

Іграе на бас-гітары.

Удзельнікі па-рознаму тлумачаць  свой удзел у гэтым гурце. Кожны з іх мае свае прынцыпы, інтарэсы,  але іх аб’ядноўвае тое, што яны хочуць праслаўляць Пана падчас спеву.

 

-         Што такое спеў для Вас? Навошта чалавеку спяваць?

Яўген Амасёнак:

Спеў адыгрывае вельмі важную ролю ў жыцці кожнага чалавека, а асабліва хрысціяніна. Праслаўляць Пана можна па-рознаму. І менавіта спеў з’яўляецца адным з найбольш распаўсюджаных спосабаў выразіць прагненне свайго сэрца. Вельмі важна памятаць, што Бог глядзіць не толькі на прыгажосць спеву, але і на чысціню і шчырасць тваіх намераў. А галоўным у спеве, акрамя праслаўлення Бога, з’ўляецца Слова, якім ты хочаш падзяліцца з іншымі і рэалізаваць Яго ў жыцці. Навошта спяваць? Спеў спрыяе духоўнаму развіццю чалавека і дапамагае глыбей спазнаць самога сябе.

Алег Шацінскі:

Спеў для мяне – гэта малітва. Я іграю на сола-гітары,  таксама стараюся падпяваць. Як сказаў святы Аўгустын, Qui bene cantat bis orat (хто спявае, той двойчы моліцца). Для мяне гэта вельмі важныя словы.

Андрэй Эйсмант:

Спеў для мяне – гэта, перш за ўсё, радасць. Амаль што па кожным чалавеку бачна, калі ён вясёлы, а калі  засмучаны. Калі чалавеку радасна на душы, ён нярэдка гэта выяўляе ў спеве, тады ў яго  “душа спявае”. Гэта неабавязкова  толькі рэлігійныя спевы, але калі гэта рэлігійныя песні – чалавек яшчэ і моліцца імі.

Чэслаў Ладыка:

Чалавека навучыў спяваць анёл,  каб можна было праслаўляць Бога. І таму спеў для меня з’яўляецца адным са спосабаў праслаўлення  Бога.

Томаш Мікалайчык:

Цяжка сказаць барабаншчыку пра спеў , бо мая справа толькі давать рытм. Але  спеў з’яўляецца важным для кожнага чалавека , бо ён ідзе з яго душы.Чалавек спявае, калі яму добра і калі яму дрэнна. Той, хто не мае таленту прыгожа спяваць, можа  слухаць іншых – з дынамікаў калонак ці на канцэртах .

 

-         Што такое гурт “AVE” менавіта для Вас?

Алег Шацінскі:

Гурт для мяне – гэта вельмі вясёлыя, спагадлівыя  браты, якія не толькі праслаўляюць Бога разам са мною спевам, але і ў цяжкую хвіліну падтрымаюць мяне і дадуць добрую параду.

Томаш Мікалайчык:

Іграць у гэтым гурце – гэта магчымасць развівацца і дзяліцца сваім талентам. Сваёй музыкай мы праслаўляем Бога ,  а таксама даём сведчанне аб Ім . Наша мэта –  нагадваць людзям пра Бога і дапамагаць набліжацца да Яго.

Яўген Амасёнак:

Для мяне гэта магчымасць развіць свае музычныя здольнасці, каб славіць Бога і праз гэта евангелізаваць.

 

-         Ці шмат часу займаюць рэпетыцыі?

Алег Шацінскі:

Шчыра кажучы, рэпетыцыі займаюць не вельмі многа часу, але бывае цяжэй, калі пачынаецца заліковая  сесія. Тады толькі праз малітву можна здабыць вольную гадзінку, каб сабрацца з братамі на рэпетыцыі.

Андрэй Эйсмант:

Рэпетыцыі займаюць шмат часу. Але галоўнае – гэта не час, а высілак, які трэба ўкласці ў рэпетыцыі. І калі мы поўнасцю аддаёмся сваёй справе, то тады праз кожны акорд, праз кожную нотку, праз кожнае слова мы можам перадаць людзям Бога. І гэта мы робім у свой вольны час,  калі можна было б заняцца іншымі справамі. Але рэпетыцыі значаць для нас шмат больш.

Чэслаў Ладыка:

Мы стараемся  выкарыстоўваць увесь свой вольны час , якога ў семінарыі вельмі  мала, 1-2 гадзіны ў дзень.

 

-         Якім чынам вы здзяйсняеце Евангелізацыю праз спеў?

Яўген Амасёнак:

Дзякуючы спевам, вернікі збіраюцца ў Імя Пана, каб несці радасць Евангелля тым, хто яшчэ не адчуў у сваім жыцці ўсю прыгажосць і моц Божай Любові.

Алег Шацінскі:

Тыя песні, якія мы іграем і спяваем, – гэта тая ж самая малітва да Бога. Мы праслаўляем нашага міласэрнага Айца спевамі. Дзякуючы спевам, можна прыводзіць цэлыя натоўпы моладзі да Касцёла! Музыку любяць усе! Мы ўсе чулі гісторыю аб тым, як няверуючы чалавек зайшоў у касцёл або царкву і, пачуўшы прыгажосць спеву, сапраўды адпачываў у тым месцы душой і такім чынам навяртаўся да Бога. Таму я лічу, што спеў – гэта адзін з найбольш моцных спосабаў евангелізацыі.

Андрэй Эйсмант:

Евангелізацыя праз песні  праяўляецца ў словах гэтых песняў , бо некаторыя словы бяруцца з Бібліі. Большасць песень напісана клерыкамі  ад сэрца , гэтыя словы ні ў якім выпадку  не адыходзяць ад сэнсу слоў Езуса.

Чэслаў Ладыка:

Песня  дапамагае ўнесці ў кожнае малітоўнае спатканне больш адкрытасці  для ўздзеяння Божага Духу  на сэрцы маладых людзей .

Томаш Мікалайчык:

Песні нашага гурта маюць рэлігійны змест. Кожная песня, безумоўна,  напоўнена верай і любоўю аўтара да Бога. Я лічу, што наш гурт   –   гэта справа Божая,  таму, напэўна,  Святы Дух кіруе нашай творчасцю.Таксама важна тое, як выконваць песні, таму мы шмат працуем  над тым, каб наша музыка была даступнай і прыемнай для людзей , трапляла не толькі  ў вушы , але і ў людскія сэрцы.

У суботу гурт “AVE” выступіў у Ваўкавыску ў парафіі св. Станіслава Косткі з нагоды ўрачытасці Хрыста Валадара Сусвету. Штогод студэнты нашай семінарыі ў гэтую ўрачыстасць выязджаюць у парафіі нашай дыяцэзіі, каб падзякаваць усім тым, хто клапоціцца аб нашай семінарыі, каб падзяліцца радасцю свайго паклікання.  Зараз для клерыкаў з гурта “AVE”працягваецца навучальны працэс. Акрамя гэтага,  амаль штодзённыя рэпетыцыі, падрыхтоўка да Дзён Моладзі-2015 у Смаргоні, да Тракельскіх урачыстасцяў, а можа і да выдання новага альбома… Семінарысты просяць моладзь аб малітоўнай падтрымцы гурта. Памятайце, что спяваць для Пана – задача не з простых, яна патрабуе шмат сіл, а значыць,  і шмат вашай малітвы.