Падарожжа ў Вільню

Раніцай 14 лістапада група семінарыстаў з Вышэйшай духоўнай семінарыі вырушыла ў Вільню, каб пакланіцца і падзякаваць за ўсе атрыманыя ласкі Апякунцы нашай дыяцэзіі –  Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, каб ушанаваць вобраз Той, якая збірае ў гэтым святым месцы тысячы паломнікаў з розных краін свету, каб выслухаць прагненні іх сэрцаў.

 

Уразіла гасціннасць “Сясцёр Езуса Міласэрнага”, якія запрасілі клерыкаў на абед у хоспіс. Падчас сустрэчы яны падзяліліся вопытам у служэнні цяжка хворым і пажылым, якія знаходзяцца ў перадсмяротным стане. Сёстры клапоцяцца аб чысціні і бяспецы гэтых людзей, выконваючы амаль што любыя іх жаданні. Цяпер у хоспісе знаходзіцца каля 30 чалавек, якія дажываюць апошнія гады ў добрых ўмовах. Пасля гэтага алюмнаў запрасілі на супольную малітву ў капліцу, дзе быў намаляваны абраз Езуса Міласэрнага.

Дзякуючы духоўнаму айцу кс. Валерыю, які вельмі любіць Вільню і ведае яе жывапісныя мясціны, клерыкі мелі магчымасць пазнаёміцца з імі, адчуць  прыгажосць і непаўторнасць убачанага.

Галоўная мэта пілігрымкі – удзел  у  св. Імшы, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Разам з ім семінарысты маліліся ў інтэнцыі ўсіх вернікаў з беларускай зямлі. У гаміліі біскуп заахвоціў усіх вернікаў звяртацца да Марыі, верыць ў Яе дапамогу, бо Яна - Маці Міласэрнасці. Ксёндз-біскуп адзначыў таксама, што Вострая Брама з’яўляецца духоўным месцам, якое шануецца ў сем’ях беларускіх вернікаў. Яны з даверам прыходзяць сюды, бо знаходзяць тут суцяшэнне і духоўную падтрымку. Разам з тым, алюмны першага курса дзякавалі за інаўгурацыю і шчаслівае распачацце навучальнага года, а клерыкі трэцяга курса - за атрыманне “духоўнага адзення” – сутаны  падчас аблучын. Усе прысутныя прасілі  падтрымкі ў сваёй Нябеснай Маці на гэтым нялёгкім шляху да святасці.

Па дарозе дадому семінарысты дзяліліся сваімі ўражаннямі і запланавалі наведаць гэтае святое месца ў наступным годзе з юнакамі, якія адчуюць у сябе голас паклікання і стануць клерыкамі першага курса.