О, Пане, на мяне паглядзеў ты

8 лістапада ў катэдральным касцёле ў Гродна адбыліся святарскія пасвячэнні пяці выпускнікоў Вышэйшай духоўнай семінарыі. Падчас пасвячэнняў прэзбітэрату кандыдаты выразілі перад бікупам сваю згоду і гатоўнасць поўнасцю прысвяціць сябе службе Богу і людзям у Хрыстовым Касцёле. Чым у іх жыцці з’яўляецца святарства і як яны бачаць сваю паслугу ва ўсё новых выпрабаваннях, перад якімі ставіць сваіх вучняў Хрыстус, мы запыталіся ў новых святароў.

 

 

 

- Што такое святарства для Вас?

Кс. Аляксандр Вараб'ёў:

- Для мяне святарства - гэта дар ад Бога, які дазваляе ісці за Ім, а таксам авесці за сабой людзей, паказваючы ім Любоў Творцы.

Кс. Марэк Занеўскі:

- Гэта перш за ўсё служэнне Богу і служэнне бліжнім. На аснове гэтых двух прынцыпаў можна быць добрым святаром.

Кс. Аляксандр Сямінскі:

- У словах святога Жана Марыі В’янэя "святарства – гэта любоў да Сэрца Езуса". Гэта лепш за ўсё адлюстроўвае тое, што я адчуваю, і тое, што я хачу рабіць у сваім жыцці, - служыць, як гэта рабіў Хрыстос.

Кс. Дзмітрый Леўчык:

- Святарства – гэта вернасць  Хрысту ў кожны момант жыцця. Гэта гарачая і адданая служба на будаванне Валадарства Божага, да якога Бог кліча, каго пажадае. Праз святароў Бог у Сваёй бясконцай любові атаясамліваецца з чалавекам, нягледзячы на яго грэшнасць і слабасці.

Кс. Павел Раманоўскі:

- Для мяне асабіста святарства –  гэта заклік Божы, скіраваны ў імя слабага чалавека, каб ён прысвяціў Яму з любові сваё жыццё і служыў іншым, дапамагаючы ім адкрыцца на ласку Божую.

- Як святар бачыць сваю пастарскую працу?

Кс. Дзмітрый Леўчык:

- У адпаведнасці з воляй Біскупа. Я цалкам аддаюся ў рукі Бога.

Кс. Аляксандр Сямінскі:

- Я хачу добра і старанна, з любоўю і адданасцю выконваць свае абавязкі там, дзе Бог паставіць мяне.

Кс. Аляксандр Вараб'ёў:

- У пазітыўным ключы. Я хачу быць верным абяцанням, дадзеным мною ў руках біскупа Хрысту, выконваючы запаведзі Божыя і навучаючы гэтым запаведзям народ, да якога я пасланы.

Кс. Павел Раманоўскі:

- Я хачу  ўзрастаць у святасці сам і дапамагчы іншым перажыць сваё жыццё ў сяброўстве з Панам Богам.

Кс. Марэк Занеўскі:

- Я хацеў бы  навучыць дзяцей, моладзь, служыць хворым і пакутуючым, удзяляць святыя Сакраманты,  быць сапраўдным адлюстраваннем Хрыста і маяком для вернікаў.

- Што святары хочуць пажадаць клерыкам Семінарыі, якія распазнаюць пакліканне, а таксама ўсім верным людзям, якія шукаюць Бога?

Кс. Павел Раманоўскі:

- Будзьце сябрамі Езуса! Прыслухайцеся да Яго голасу– напэўна, Ён гаворыць з вамі!

Кс. Дзмітрый Леўчык:

- Блізкага сяброўства з Хрыстом. Любіць малітву. І вялікай радасці, таму што Бог і жыццё з ім – гэта радасць.

Кс. Аляксандр Вараб'ёў:

- Перш за ўсё, настойлівасці. Трываласці ў малітве. І для хлопцаў, якія чуюць голас Пана, я жадаю, каб яны не баяліся мужна адказаць на Яго голас "Так".

Кс. Аляксандр Сямінскі:

- Будзьце заўсёды верныя штодзённай малітве, бо Бог больш за ўсё пазнаецца на каленях. Будзьце заўсёды адкрыты для Яго ласкі і майце час для Бога!

Кс. Марэк Занеўскі:

- Няхай усім Бог адкрые свой шлях, хай тыя, хто распазнаюць пакліканні, выберуць правільнае рашэнне, а для тых, хто ўжо вучыцца ў Семінарыі, - будзьце храбрымі і мудрымі, не бойцеся і будзьце настойлівымі ў малітве!

Фота ўзятыя з http://vk.com/catholics.grodno