Знаёмімся з першым курсам!

Надышоў час пазнаёміцца з першым курсам бліжэй.

Хто гэтыя людзі, адкуль яны і калі яны першы раз пачулі голас Бога ў сваёй душы, хлопцы распавядуць нам самі!

 

 

Мяне завуць Яўген Абрамаў, мне 18 гадоў. Прыехаў з Ліды, з парафіі Ліда - Слабада. Міністрантам  на парафіія быў з  8 гадоў. Першую камунію прыняў у 2008 годзе.У 2012 годзе  прыняў сакрамант Канфірмацыі. Вучыўся да 9 класа ў сярэдняй школе, а потым паступіў у школу з гісторыка-грамадазнаўчым ухілам. Скончыў  школу ў 2014 г. Адразу пасля школы я паступіў у семінарыю.Маці добра адрэагавала на гэта. Першыя думкі пра паступленне ў семінарыю ў мяне з'явіліся ў 9 класе, але ў гэтым я быў яшчэ не вельмі ўпэўнены. Але затым я ўсё больш задумваўся пра гэта. Глядзеў на пробашча і вікарыя і думаў пра пакліканне.У 2014 г. я трапіў на рэкалекцыі ў семінарыі, якія дапамаглі мне ўмацавацца ў сваім пакліканні. Пакліканне - гэта вялікі дар і таямніца, якія цяжка растлумачыць.

 

Мяне завуць Яўген Амасёнак. Нарадзіўся 8 сакавіка 1987 года ў г. Слоніме. Вучыўся ў  сярэдняй школе з музычным ухілам.  У 12 гадоў пазнаёміўся з а.Вітальдам, які разам з маімі бацькамі вельмі паўплывалі на мой жыццёвы погляд і духоўнае развіццё. Памятаю, як у апошнія гады вучобы ў школе шмат разважаў на тэму паклікання. Адчуваў у сэрцы, што Бог падрыхтаваў для мяне, як і для кожнага чалавека, найлепшы і непаўторны жыццёвы шлях. Але вырашыў не спяшыць з вывадамі і пачаў вучыцца ў БДЭУ на факультэце гасцінічнай і рэстараннай гаспадаркі. Падчас навучання пазнаёміўся з вельмі цікавымі людзьмі, якія таксама паўплывалі на маё духоўнае станаўленне. Асабліва ў час рэпетыцый у моладзевым тэатры. Прымаў удзел у служэнні “Легіёна Марыі”, дзе я ўжо канчаткова вырашыў пайсці вучыцца ў семінарыю, каб далей распазнаваць сваё жыццёвае пакліканне.

 

Мяне завуць Андрэй Струкель. Я  паходжу з парафіі УзвышэнняСвятога Крыжа. Сваё пакліканне я адчуў пасля 9 класа. Але пасля размовы з бацькамі я застаўся ў школе і пасля 10 класа паступіў у Лідскі каледж на электрамеханіка. На працягу 4 гадоў навучання мяне не пакідалі думкі  аб маім пакліканні. І вось заставалася паўгода да атрымання дыплома, калі я пачуў голас Бога, які сказаў мне: «Вазьмі свой ​​крыж і ідзі за мной». Гэтыя словы я пачуў на моладзевай Адарацыі ў касцёле, на якой я маліўся аб выбары жыццёвай дарогі: або служыць Богу і людзям, або быць добрым бацькам. У канцы Aдарацыі праз сястру Кляру я пачуў гэтыя словы і я адразу адказаў Богу «ТАК». На маё пакліканне паўплывалі ксяндзы з маёй парафіі, але вялікі ўклад унеслі мае бацькі і бабуля з дзядулем, якія ўзялі на сябе адказнасць пасля майго хросту давесці мяне да Бога. Калі я сказаў сваім бацькам аб тым, што я буду паступаць у Вышэйшую духоўную семінарыю, яны былі вельмі здзіўленыя і шакіраваныя. Але яны - мае бацькі,любяць мяне і жадаюць мне дабра. Сабраўшы ўсе патрэбныя дакументы, я прыехаў у семінарыю. Прысутнічаў спачатку на рэкалекцыях для хлопчыкаў. А пасля рэкалекцый здаваў уступныя іспыты. І, рэалізуючы сваё пакліканне, хачу сказаць тым хлопцам,якія чуюць голас Бога,каб не баяліся адказацьЯму «ТАК».

 

Мяне завуць Вадзім Каўтанюк. Я паходжу з Навагрудка, з парафіі святого Міхала Арханёла. Мне 24 гады. Сёлета я паступіў у Вышэйшую Духоўную Семінарыю ў Гродне. Я вельмі задаволены гэтым фактам. Марыў аб гэтым яшчэ ў школе, але бацькі хацелі, каб я спачатку атрымаў свецкую адукацыю, а ўжо потым – пайшоў у Семінарыю. Я паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі і скончыў яго ў 2012 годзе. Вучыўся на бюджэце, таму быў вымушаны адпрацоўваць яшчэ 2 гады па размеркаванні. І вось нарэшце я там, дзе так даўно хацеў быць. Пакліканне адчуў яшчэ ў малым узросце, калі шпацыраваў з бабуляй каля касцёла святога Міхала на каляды і ўбачыў агеньчыкі пад самым дахам касцёла. Тады мне вельмі захацелася стаць святаром. Меў, можа,  6-7 гадоў. Потым – першая Святая Камунія, служба міністрантам і, нарэшце, Семінарыя.

 

Мяне завуць Павел Канановіч.  Упершыню пачуў пакліканне стаць святаром, калі служыў у войску. Я з парафіі Cвятой Сям’і ў Лідзе. Пасля арміі працаваў на будоўлі. Перад  паступленнем у семінарыю скончыў 3 курса БНТУ (будаўнічы факультэт). Увесь гэты час разважаў пра пакліканне. Маё прызначэнне дапамаглі мне раскрыць сястра Кляра, якая паходзіць  з маёй парафіі і іншыя ксяндзы. Вялікі ўплыў аказаў на мяне і кс. Валерый Быкоўскі, калі я прыязджаў на рэкалекцыі пакліканых у семінарыю. Бог даваў шмат знакаў, якія дапамаглі мне прыняць гэтае рашэнне. Хачу пажадаць тым, хто думае над прыняццем рашэння пайсці ў семінарыю: не бойцеся ісці за Езусам!

 

Мяне завуць Аляксей Шарыпаў. Я прыехаў з гораду Смаргонь з парафіі святога Міхала Арханёла. Пакліканне я пачаў адчуваць у 9 класе пасля прыняцця Сакрамэнту Канфірмацыі. Пасля гэтага я пачаў хадзіць на рэкалекцыі, якія адбываліся ў нас у касцёле, таксама ездзіў у Мінск на рэкалекцыі і начное чуванне, якія таксама моцна паўплывалі на мой выбар. Пасля 10 класа я стаў міністрантам. Акрамя рэкалекцый, я размаўляў з некаторымі святарамі на тэму майго паклікання. Пасля 11 класа я вырашыў пайсці ў семінарыю, каб далей распазнаваць сваё пакліканне.