Справаздача аб дзейнасці ВСД у Гродне ў 2013/ 2014 акадэмічным годзе

Эксцэленцыя, Ксёндз Біскуп Аляксандр, пастар Касцёла Гродзенскага, Эксцэленцыя, Ксёндз Біскуп Юзаф, Магніфіцэнцыя, рэктар нашай духоўнай семінарыі, Магніфіцэнцыя, ксёндз рэкатар Вышэйшай семінарыі духоўнай у Пінску, шаноўныя Ксяндзы прафесары, пробашчы, сёстры законныя шаноўныя госці, дарагія клерыкі!

Кангрэгацыя да спраў Духавенства ў Дырэкторыіі аб паслузе і жыцці прэзбітэраў адзначае, што семінарыя – гэта час і месца, дзе ўзрастае і даспявае спазнанне таямніцы Хрыста, а разам з ім свядомасць, што калі  на знешнім узроўні праўдзівасць нашай любові Бога вымяраецца любоўю, якую мы аказваем нашым братам, то на ўнутраным узроўні любоў да Касцёла з’яўляецца сапраўднай толькі тады, калі яна гатова пакінуць усё і пайсці за Ім. Час семінарыйнага фарміравання ў сваёй істоце атаясамляецца  з пазнаннем Божага Сына, які праз  пасрэдніцтва місіі прароцкай, святарскай і каралеўскай вядзе кожнага чалавека да Айца праз Духа Святога. Гэты час з’яўляецца вельмі каштоўным і мае на ўвазе гарманічную паўнату фармацыі будучага святара, абагульняючы чалавечае, духоўнае і інтэлектуальнае развіццё.

 

 

Таму дазвольце, на парозе новага акадэмічнага 2014/2015 года, у скарочаным выглядзе прадставіць справаздачу з мінулага 2013/2014 акадэмічнага года нашай семінарыі.

Папярэдні акадэмічны год распачаўся 14 верасня 2013 года ўрачыстай інаўгурацыяй, падчас якой пяцёра новых кандыдатаў былі залічаны ў семінарыйную супольнасць. Таксама падчас гэтай урачыстасці на Святой  Імшы ў семінарыйнай капліцы чатыры браты з трэцяга курса першы раз апранулі духоўны строй.

Трохі раней, з 11 па 14 верасня, семінарыйная супольнасць перажывала рэкалекцыі пад кіраўніцтвам айца Юзафа Аўгустына SJ. Галоўнай думкай гэтых духоўных практыкаванняў была тэма: “Інтымнасць і  вольнасць, каб быць з Езусам”.

15 верасня , адразу пасля ўрачыстага пачатку навучальнага года, нашыя алюмны разам з моладдзю, школьнікамі і студэнтамі горада Гродна прынялі ўдзел у пешай пілігрымцы да Капцёўкі — санктуарыя Маці Божай Яснагурскай.

12 лістапада семінарыйная супольнасць удзельнічала ў аўтобуснай пілігрымцы да санктуарыя Маці Божай Вастрабрамскай, якая з’яўляецца патронкай нашай дыяцэзіі. Пілігрымка была своеасаблівым зваротам да нашых каранёў, сведчаннем глыбокіх духоўных сувязяў розных  пакаленняў вернікаў з тэрыторыі былой Віленскай архідыяцэзіі, сувязяў, якіх не могуць разарваць цяжкасці, звязаныя з пераадоленнем мяжы.

Традыцыйна апошнюю нядзелю літургічнага года —урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету— перажылі як нядзелю семінарыйную. У гэты дзень клерыкі выехалі да парафій Гродзенскай дыяцэзіі, каб дзяліцца сваім досведам перажывання паклікання. Гэты выезд стаў цудоўнай магчымасцю для супольнай малітвы разам з вернікамі дыяцэзіі аб новых пакліканнях для службы Езусу, а таксама зручным момантам, каб падзякаваць за малітвы і ахвяры, складзеныя на карысць семінарыі. Акрамя таго, з мэтай узбудзіць новыя святарскія пакліканні была падтрымана традыцыя выезду са сведчаннем на парафіях падчас урачыстасцей Аб’яўлення Пана і ў нядзелю Добрага Пастара. Таксама тройчы на працягу навучальнага года арганізоўваліся рэкалекцыі для пакліканых, мэта якіх – дапамагчы маладым хлопцам абраць свой жыццёвы шлях.

Наступнай важнай датай для ўсяго Касцёла на Беларусі, асабліва  для нашай семінарыі, быў дзень 29 лістапада 2013 года. Менавіта ў гэты дзень Папа Рымскі Францішак назваў трох новых біскупаў Рымска-Каталіцкага Касцёла. Мы вельмі ўзрадаваліся, што сярод шаноўных намінантаў было аж тры выпускнікі нашай семінарыі. Згодна з воляй Святога Айца кс. Алег Буткевіч быў назначаны ардынарыем Віцебскай дыяцэзіі, а кс. Юрый Касабуцкі стаў дапаможным біскупам Мінска -Магілёўскай дыяцэзіі. Трэба адзначыць, што семінарыйная супольнасць перажыла гэтую падзею асабліва радасна, бо ў гэты дзень а чатырнаццатай гадзіне, пасля прамульгацыі Сталіцы Апостальскай, кс.бп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый  гродзенскі, у семінарыйнай капліцы  ў прысутнасці святароў, клерыкаў, сёстраў законных, выкладчыкаў і працаўнікоў семінарыіі абвясціў волю Святога Айца аб тым, што кс. прэлат Юзаф Станеўскі, рэктар нашай семінарыі, быў назначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Хацелася б таксама падкрэсліць яшчэ адну дату –  1 лютага 2014 года. У гэты дзень наш рэктар кс. прэлат Юзаф Станеўскі ў катэдральнай базыліцы прыняў біскупскае пасвячэнне з рук нашага арцыпастара кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча. Асыставалі кс. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч – мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і кс. біскуп Антоні Дзям’янка – ардынарый Пінскай дыяцэзіі.

Вяртаючыся да храналагічнага апісання падзей з жыцця семінарыі, хачу адзначыць, што 7 снежня два выпускнікі нашай семінарыі атрымалі святарскае пасвячэнне з рук ардынарыя кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча. У гэты ж дзень восем братоў з VI курса атрымалі дыяканскае пасвячэнне.

2 сакавіка нашыя клерыкі прынялі ўдзел у літаратурным вечары “Вялікдзень з беларускай паэзіяй”, які арганізавала рэдакцыя дыяцэзіяльнага партала grodnensis.by. Арганізатары хацелі паказаць уплыў хрысціянства на беларускую культуру ў кантэксце перажывання галоўнай праўды хрысціянства – Змёртвыхпаўстання Хрыста.

5 сакавіка, у Папяльцовую сераду, алюмны нашай семінарыі распачалі велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў кс. прафесар Здзіслаў Янец.

9 сакавіка падчас Ютрані ў семінарыйнай капліцы браты з V курса былі ўрачыста прынятыя ў кандыдаты на дыяканскія і святарскія пасвячэнні. У той жа дзень, падчас Святой Імшы ў катэдральнай базыліцы, браты з ІІІ курса атрымалі паслугу лектарата.

7 чэрвеня ў нашай семінарыйнай капліцы адбылася ўрачыстая Святая Імша, падчас якой пастар нашай дыяцэзіі кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч у прысутнасці выхаванцаў і выкладчыкаў уручыў дыпломы выпускнікам і падзякаваў усім тым, хто ўдзельнічаў у фармацыі будучых святароў. Пасля Святой Імшы клерыкі адправіліся на летнія канікулы і літургічна-душпастарскія практыкі. Першы раз два клерыкі нашай семінарыі паехалі на місійна-душпастарскую практыку ў Казахстан.

Падчас канікул, акрамя традыцыйных практык на парафіях, нашыя клерыкі актыўна ўдзельнічалі ў пілігрымках: у Чанстахову, якую традыцыйна арганізаваў найстарэйшы выкладчык нашай семінарыі кс. прэлат Ежы Лявінскі; у Тракелі (дыяцэзіяльны санктуарый), у  Рось і Будслаў (санктуарыі). Першы раз была арганізавана пілігрымка клерыкаў у Тракелі на роварах. Іншым вымярэннем семінарыйнага жыцця з’яўляецца клопат аб інтэлектуальнай фармацыі. На дадзены момант аб належным інтэлектуальным узроўні алюмнаў клапоцяцца 32 выкладчыкі, сярод якіх большасць жыве ў семінарыі або паблізу, а іншыя прыязджаюць з тэрыторыі дыяцэзіі.

Хочацца ад усяго сэрца падзякаваць кс. праф.  Міраславу Каліноўскаму, дзекану тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ, за плённае супрацоўніцтва гэтай навучальнай установы з нашай семінарыяй. Вельмі радуе тое, што ў гэтым годзе восем чарговых нашых выпускнікоў абаранілі магістарскія працы ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Вялікай навуковай дапамогай нашай семінарыі з’яўляецца бібліятэка, кнігазбор якой налічвае больш за 35 тысяч пазіцый, з якіх амаль 29 тысяч скаталагізаваныя. Далей ідзе працэс фарміравання электроннага каталога, на сённяшні дзень у ім ужо больш за 12 тысяч пазіцый.

Трэба таксама адзначыць змены, якія адбыліся ў семінарыі. Перш за ўсё хочам падзякаваць кс. біскупу Юзафу Станеўскаму, які напрацягу многіх гадоў быў рэктарам і выкладчыкам нашай семінарыі, за ахвярную працу ў выхаванні будучых вестуноў Хрыстовага Евангелля. Дзякуем за прыклад моцнай веры, ваш жыццёвы досвед, якім вы дзяліліся з намі, за цярплівасць і бацькоўскую дабрыню. Думаю, што са свайго боку семінарыйная супольнасць аддзячыць вам малітоўнай падтрымкай, так патрэбнай у біскупскай паслузе нашай дыяцэзіі. Дзякуем, але не развітваемся, спадзяёмся, што кс. біскуп і далей будзе дзяліцца з намі сваімі ведамі і досведам падчас лекцый кананічнага права.

Мы хацелі б таксама падзякаваць ксяндзу Яну Радзюку, які працаваў на працягу некалькіх гадоў у нашай семінарыі ў якасці прэфекта- выхаваўцы і выкладчыка. У гэтым годзе рашэннем кс.бп Аляксандра Kaшкевіча быў прызначаны пробашчам парафіі Святога Юзафа ў Гродне. Шчыра дзякуем і спадзяёмся, што кс. Ян  нягледзячы на абавязкі і душпастарскія справы па-ранейшаму будзе прыязджаць да нас і працаваць у якасці выкладчыка лацінскай мовы.

Хацелі б таксама падзякаваць кс.  Аляксандру Сасноўскаму, які на працягу многіх гадоў займаў пасаду пракуратара нашай семінарыі. Дзякуй за намаганні і клопат аб функцыянаванні нашай семінарыі ў эканамічным плане. Дзякуй за абнаўленне нашай капліцы, за шматлікія рамонты семінарыйнага будынака, пакояў для клерыкаў і актавай залы, за адпаведную арганізацыю кухні.

Нарэшце, мы хацелі б прывітаць у нашай супольнасці ксяндза доктара Рамана Рачко, які ў адпаведнасці з рашэннем ардынарыя быў прызначаны рэктарам Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне. Пасада рэктара не толькі ганаровая, але і вельмі адказная і мае вялікі ўплыў на вобраз будучага гродзенскага прэзбітэрыя. Варта адзначыць, што кс.Раман Рачкo не з’яўляецца для нашай супольнасці чалавек незнаёмым, мы ведаем яго як шматгадовага выхавацеля і выкладчыка нашай AlmaMater. Жадаем Вам, каб багаты вопыт у галіне выкладання і пастарскай працы былі карыснымі для выканання абавязкаў навучання і выхавання будучых святароў гродзенскага касцёла на ўзор Адзінага і Найвышэйшага Святара.
Таксама хочам прывітаць у нашай супольнасці кс. Віктара Мыслюка, выкладчыка катэхэтыкі, і кс. Валерыя Аброшка, які ў адпаведнасці з рашэннем біскупа быў прызначаны пракуратарам семінарыі. Хочацца пажадаць ім, каб добра сябе адчувалі ў нашай семінарыйнай супольнасці і ўзбагачалі яе сваім вопытам веры, ведамі і здольнасцямі.
Хацелася б  таксама падзякаваць тым, чыя праца ў асноўным нябачная, але вельмі патрэбная. Я маю на ўвазе ўсіх свецкіх працаўнікоў семінарыі. Дзякуй за вашу самаадданую працу на кухні, за ваш клапатлівы, руплівы і добрасумленны падыход пры вырашэнні гаспадарчых пытанняў, звязаных з функцыянаваннем нашай семінарыі.

На пачатак новага навучальнага года семінарыя налічвае 33 клерыкі. З радасцю хочам паведаміць, што ў гэтым годзе шэсць новых кандыдатаў хочуць прысвяціць сваё жыццё службе Богу і Касцёлу. Спадзяёмся, што час навукі ў семінарыі дапаможа ім паглыбіць разуменне свайго паклікання і прывядзе да ўзрастання ў духоўным жыцці. Божаму Провіду і Найсвяцейшай Маці аддаём усіх выкладчыкаў, выхаваўцаў, працаўнікоў семінарыі ў новым 2014-2015 навучальным годзе.