Казанне біскупа Аляксандра Кашкевіча на пачатак навучальнага году алюмнаў

Сёння, актам урачыстай інаўгурацыі, мы пачынаем новы акадэмічны год у Вышэшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Нашая радасць яшчэ большая па той прычыне, што гэты год – юбілейны.

Ужо ў 25 раз нашая семінарыя прымае ў свае сцены маладых людзей, якія хочуць пасля грунтоўнага духоўнага і інтэлектуальнага выхавання прысвяціць сваё жыццё абвяшчэнню Хрыстовага Евангелля.

Святы Айцец Францішак у сваім Апостальскім Лісце EvangeliiGaudium нагадвае нам, што «першая матывацыя да евангелізацыі – гэта любоў Езуса, якую мы прынялі, дасвядчэнне быць збаўленым праз Яго, якое схіляе нас  любіць Яго яшчэ больш. […]

 

 

Найлепшая матывацыя для абвяшчэння Евангелле – гэта яго разважанне з любоўю, затрыманне свайго позірку на старонках і чытанне яго  з сэрцам.

Калі прыбліжаем яго такім чынам, здзіўляе нас яго прыгажосць і прыцягвае зноў і зноў» (EG, 264).

Гэтыя словы Святога Айца – выразнае напамінанне нам, што першай і самай галоўнай умовай добрай евангелізацыі з’яўляецца асабістае спатканне таго, хто хоча яе абвяшчаць, са збаўчай любоўю Езуса.

Сённяшні свет патрабуе святароў аўтэнтычных, такіх, якія любяць Хрыста і прысвячаюць  сябе поўнасцю справе евангелізацыі.

Верны народ патрабуе святара як  правадыра  на дарозе да збаўлення, а гэта будзе  магчымым толькі тады, калі пастава святара, яго словы і тое, што ён робіць, дазволяць убачыць у ім alterChristus – другога Хрыста.

Таму семінарыйная фармацыя ва ўсіх сваіх вымярэннях і на кожным этапе павінна дапамагаць кандыдатам да святарства ў адкрыцці збаўчай любові Езуса, у дасвядчэнні радасці быцця Яго вучнем, у здольнасці спасцігнуць Яго прысутнасць і прыгажосць ва ўласным жыцці.

Аб гэтым спецыфічным характары духоўнай семінарыі і аб яе фармацыйных заданнях нагадаў калісьці Ян Павел II у Пасінадальным Апостальскім Лісце PastoresDaboVobis.

Чытаем там, між іншым, што «семінарыя, згодна са сваім глыбокім самавызначэннем, з’яўляецца сваеасаблівым працягам супольнасці Апосталаў, якія былі каля Езуса, слухалі Яго словы, рыхтаваліся да прыняцця Пасхі, чакалі дароў Духа, каб выканаць давераную ім місію. […]

Фармацыя да святарства  і душпастарскай паслугі, якая па сваёй натуры мае касцёльны характар, патрабуе, каб семінарыя не стала нечым знешнім, павярхоўным у рэчаіснасці  і таксама каб не была звычайным месцам для жылля і навукі:  яна павінна яна быць зразумелай духоўна і глыбока як асаблівая касцёльная супольнасць, якая нанова перажывае дасвядчэнне  Дванаццаці сабраных вакол Хрыста» (PDV, 60).

У выхаваўчай супольнасці, якой з’яўляецца духоўная семінарыя, асаблівую адказнасць за фармацыю будучых святароў мае рэктар, а таксама выхавацелі і выкладчыкі, якія працуюць з ім у духу еднасці і адказнасці.

Сёння, у дзень інаўгурацыі новага акадэмічнага  года, хачу выказаць словы  вялікай удзячнасці Вам, шаноўныя ксяндзы-выкладчыкі, духоўныя айцы, мадэратары і ўсім, хто прымае ўдзел у выхаванні святароў, за адказнае спаўненне заданняў, якія Вам даверыў Касцёл.

Асаблівым чынам хачу падзякаваць Яго Эксцэленцыі ксяндзубіскупу Юзафу за шматгадовую ахвярную службу Касцёлу на пасадзе рэктара нашай семінарыі.

За гэты час прэзбітэрыум Гродзенскага Касцёла ўзбагаціўся  шматлікімі новымі маладымі святарамі.

Спадзяюся, што ксёндзбіскуп (сёння ўжо іншым спосабам)  і далей будзе дапамагаць AlmaMaterGrodnensisу справе фармацыі кандыдатаў да святарства.

Мае найлепшыя пажаданні складаю Яго Магніфіцэнцыі ксяндзу рэктару Раману Рачко.

Няхай Божае благаслаўленне і святло Духа Святога суправаджае Вашу Магніфіцэнцыю ў выкананні такіх цяжкіх і адказных заданняў.

Таксама прашу прыняць мае віншаванні з нагоды нядаўняй абароны доктарскай дысертацыі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.

Словы глыбокай удзячнасці таксама хацелася б скіраваць у адрас ксяндза Яна Радзюка, апошняга віцэ-рэктара, і ксяндза Аляксандра Сасноўскага, апошняга пракуратара нашай семінарыі.

Дзякуй за адказнасць і кампетэнтную службу на карысць семінарыйнай супольнасці. Жадаю Божага благаслаўлення ў новых паслугах.

Вялікай радасцю таксама з’яўляецца і тое, што ў новым акадэмічным годзе да Супольнасці выкладчыкаў Гродзенскай семінарыі далучыліся ксёндз Віктар Мыслюк, які будзе выкладаць катэхетыку, і ксёндз Валеры Аброшка, новы пракуратар і выкладчык каталіцкай грамадскай навукі.

Яго Магніфіцэнцыі ксяндзу рэктару, усім выкладчыкам, выхавацелям, духоўным айцам жадаю Божага благаслаўлення, святла Духа Святога, вытрымкі і творчага натхнення, а таксама ўсіх патрэбных ласкаў як у працы перадачы ведаў, так і ў даванні асабістага прыкладу святарства і чалавечнасці.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, Ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі.