Адзін святар і пяць дыяканаў - пасвячэнні выпускнікоў семінарыі

16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне аднаму дыякану і дыяканскае пасвячэнне пяці семінарыстам. Урачыстасць адбылася ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.



Прэзбітэрам Касцёла на Гродзеншчыне стаў дыякан Віталій Валюк, які паходзіць з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат).

Дыяканскае пасвячэнне прынялі:

  • Яўген Амасёнак з парафіі Cвятога Андрэя ў Слоніме (Слонімскі дэканат),
  • Андрэй Струкель з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Лідскі дэканат),
  • Павел Шэмет з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Капцёўцы (дэканат Гродна-Захад),
  • Томаш Мікалайчык з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Лідскі дэканат) i
  • Дзмітрый Малец з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе (Лідскі дэканат).

Урачыстая святая Імша сабрала шматлікіх святароў і вернікаў, якія прыбылі з розных бакоў дыяцэзіі, каб падтрымаць малітвамі кандыдатаў да пасвячэння. Прысутнічалі таксама іх бацькі і прадстаўнікі парафіяльных супольнасцяў, адкуль яны паходзяць.

Новы прэзбітэр быў пакліканы да трайной місіі ў Касцёле: святарскай, настаўніцкай і пастырскай. У імя Хрыста ён будзе складаць Яго ахвяру, а таксама разам з Ім складаць у ахвяру самога сябе і абвяшчаць Евангелле, каб кожны чалавек праз ягo служэнне мог знайсці шлях да Бога.

Дыяканы былі пасвячаны на служэнне Касцёлу і пакліканы да нястомнага развіцця сваіх паводзінаў на ўзор Хрыста, а як слугi – пакліканы да таго, каб адзначацца вернасцю, чыстым сумленнем, любоўю без заганы, шчырым і руплівым сведчаннем жыцця, а таксама клопатам пра іншых.

 

 

Тэкст и фота: grodnensis.by