У семінарыі адбыўся чарговы дзень засяроджання

5 красавіка ў Гродзенскай міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі адбыўся дзень засяроджання, які стаў адным з фінальных этапаў падрыхтоўкі будучых святароў да велікодных урачыстасцей.

 

На запрашэнне правесці духоўныя практыкаванні для семінарыстаў адклікнуўся кс. Віктар Місевіч, канцлер курыі Віцебскай дыяцэзіі, які падчас уводнай прамовы заахвоціў семінарыстаў да яшчэ большага паглыблення духоўнага жыцця ў капліцы - майстэрні сэрцаў.

Святар прывёз з сабою копію абраза Лукі Джардана “Агонія Хрыста ў Гефсіманскім садзе” і прапанаваў засяродзіцца над чуваннем Езуса перад смерцю і слабасцю Яго вучняў.
“Якое месца займаў бы я на гэтым абразе? Як будучы “alter Christus” ці стаў бы я на месцы Езуса? Якая місія “другога Хрыста”? - гэтыя пытанні для семінарыстаў сталі заклікам да разважання і адказу на іх перш за ўсё самім сабе. Першая сустрэча закончылася Эўхарыстычнай Адарацыяй у цішыні.

У другі дзень засяроджання падчас Ютрані семінарысты разважалі над тэмай Божай Міласэрнасці, а падчас канферэнцыі кс. Віктар звярнуў увагу на некалькі галоўных аспектаў фарміравання святарства: будаванне супольнасці вучняў Хрыста, каб Касцёл заўсёды быў для нас сям’ёй; неабходнасць і важнасць малітвы, каб быць Божым чалавекам; Эўхарыстыя - цэнтр адносінаў чалавека з Богам; споведзь, якая вучыць кожнага глядзець на сябе ў святле праўды і быць пакорным;  старанная вучоба, бо трэба быць заўсёды гатовым абараніць свой [каталіцкі] светапогляд. Пасля перапынку адбыўся Крыжовы шлях на падставе тэкстаў са св. Пісання.

Пасля абеду семінарысты адаравалі Найсвяцейшы Сакрамант і мелі магчымасць прыступіць да сакраманту пакаяння. Галоўным пунктам духоўнай сустрэчы стала Эўхарыстыя, падчас якой духоўны кіраўнік дня падвёў вынікі сустрэчы і заахвоціў будучых прэзбітэраў не баяцца складанасцяў, а ісці наперад да Хрыстовага святарства.