Біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў паслугі і ўстанавіў кандыдатаў да пасвячэнняў

10 сакавіка ў І нядзелю Вялікага Посту падчас Эўхарстыі з рук  дапаможнага біскупа Юзафа Станеўскага семінарысты ІІІ і IV курсаў атрымалі паслугі лектарату і акалітату, а навучэнцы V курса сталі кандыдатамі да прыняцця паслугі дыяканату.

Велікапосныя рэкалекцыі, якія адбыліся  напярэдадні ў семінарыйнай супольнасці, вельмі моца паспрыялі падрыхтоўцы будучых святароў да свядомага прыняцця важных паслугаў.

З гэтага моманту лектар будзе не толькі абвяшчаць жыццядайную моц Святога Пісання з амбоны падчас Эўхарыстыі, але таксама чэрпаць з Божага Слова веру і адвагу, каб ператвараць Яго ў жыццё падчас штодзённых абавязкаў. Акалітаў, у сваю чаргу, Касцёл палічыў годнымі дакранацца да Найвялікшай Таямніцы хрысціянскай веры, каб яшчэ больш яны маглі прыпадобніцца да свайго Настаўніка, Езуса Хрыста. Тры кандыдаты да прыняцця паслугі дыяканату цяпер рапачнуць рыхтавацца да заданняў, якія Касцёл у будучыні паставіць перад імі, а менавіта -  абвяшчэнне Божага Слова,  дапамога святару падчас цэлебрацыі Літургіі, а таксама служэнне найбольш патрабуючым.

Падчас св. Імшы семінарысты зрабілі яшчэ адзін вельмі значны крок на шляху да святой мэты: быць тымі, хто працягвае адкупленчую місію Хрыста і з’яўляецца мостам паміж Богам і людзьмі, нягледзячы на сваю абмежаванасць.