Завяршыўся трэці дзень рэкалекцый

Завяршыўся трэці дзень рэкалекцый для юнакоў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Дзень, які стаў для міністрантаў добрай нагодай для таго, каб яшчэ глыбей пазнаць саміх сябе, аднавіць сувязь з Хрыстом і зразумець тое, што Бог для кожнага чалавека падрыхтаваў асабісты і непаўторны шлях да святасці.

 

 

Кульмінацыйным момантам апошняга дня рэкалекцый стала Святая Імша, якую ўзначаліў кс. бп Юзаф Станеўскі. Трэба зазначыць, што іерарх, нягледзячы на шматлікія штодзённыя абавязкі, ніколі не ўпускае магчымасці сустрэцца з юнакамі, каб умацаваць у іх прагненне наследаваць Хрыста і дапамагчы паглыбіцца ў сэнс жыццёвага паклікання.

Пасля супольнай малітвы і сустрэчы ў группах  адбылася інтэлектуальная гульня, у якой былі задзейнічаны амаль усе ўдзельнікі рэкалекцый. Падрыхтаваныя пытанні датычыліся не толькі рэлігійнага жыцця, але і літаратуры, хіміі, матэматыкі, гісторыі, мастацтва і г. д.  Адказ на многія пытанні залежаў ад логікі і кемлівасці ўдзельнікаў.

Арганізатары сустрэчы маюць надзею, што час, праведзены ў сценах “Alma Mater”,  пакіне пасля сябе невыказны духоўны досвед ў жыцці юнакоў, якім яны шчодра будуць дзяліцца ў сваім штодзённым асяроддзі.