Адвэнтавы дзень засяроджання

Гімнам да Духа Святога 7 снежня, у вігілію ўрачыстасці Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, распачаўся адвэнтавы дзень засяроджання ў сценах Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

 

Духоўны айцец семінарыстаў кс. Ян Сарэла, які стаў кіраўніком дня засяроджання,  прапанаваў пахіліцца над словамі Езуса на гары: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5, 8). Разважаючы над гэтымі словамі, духоўны айцец распавядаў пра цэлібат і яго значнасць у святарстве, а таксама аб вялікай вартасці захавання свайго сэрца ў чысціні.

“Марыя, пазбаўленая ад усялякага граху, дапамагае кожнаму чалавеку захаваць сваё сэрца ў чысціны і пакоры, праз што мы атрымліваем магчымасць “бачыць Бога”. Мы павінны быць чыстымі сэрцам, бо гэтага хоча сам Бог. Чысціня душы –  залог добрага святарства і дасягнення святасці. Нячыстасць  жа робіць з людзей эгаістаў, а эгаіст не можа быць добрым душпастырам!” – узгадаў кс. Ян словы, якія трэба памятаць кожнаму клерыку і святару.

Дзень засяроджання – гэта асаблівы час для кожнага семінарыста, які праходзіць у цішыні і малітве. Слухаючы канферэнцыі, навучэнцы семінарыі маюць магчымасць паразважаць над сваім жыццём, пакліканнем і яго рэалізацыяй.

Галоўнай часткай дня стала ўрачыстая Імша, падчас якой маліліся ў інтэнцыі Гродзенскай семінарыі ў дзень яе патранальнага свята і аб заступніцтве Беззаганнай Марыі Панны для ўсёй семінарыйнай супольнасці.

Духоўныя практыкі і малітва ўмацоўваюць будучых святароў у веры і дадаюць духоўныя сілы ў набліжэнні да мэты. Чарговы дзень засяроджання  стаў для навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне добрай нагодай, каб папоўніць сілы на далейшыя дні Адвэнту і духоўна прыгатавацца да надыходзячых святаў Божага Нараджэння.