Інаўгурацыя

19 верасня Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне распачала свой дваццаць дзявяты акадэмічны год фармацыі.

Урачыстасць распачалася ў зале імя св. Яна Паўла ІІ традыцыйным спевам “Bogórodzica” і прывітальным словам кс. рэктара Віталія Вайцяхоўскага.
Са справаздачай аб дзейнасці семінарыі за 2017/2018 год да прысутных гасцей звярнуўся прэфект кс. Ян Раманоўскі. Пасля гэтага восем маладых юнакоў, якія сёлета выказалі Хрысту сваю гатоўнасць ісці за Ім, атрымалі ўласныя заліковыя кніжкі і былі афіцыйна далучаны да вялікай семінарыйнай сям’і. Закончылася першая частка інаўгурацыі спевам гімна ўсіх студэнтаў “Gaudeamus igitur”.

Кульмінацыяй дня стала супольная Эўхарыстыя, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх падкрэсліў важнасць чалавечай фармацыі на шляху да святарства. Да цэлебрацыі св. Імшы далучыліся таксама ардынарыі кожнай дыяцэзіі, дапаможныя біскупы, рэктары абедзвюх семінарый і шматлікія выкладчыкі. Завяршылася падзея святочным абедам у семінарыйнай сталоўцы.

Вельмі прыемна, што ўрачыстая інаўгурацыя сабрала разам усю семінарыйную супольнасць – біскупаў, святароў, клерыкаў, выхавацеляў, а таксама свецкіх працаўнікоў, якія сваёй дзейнасцю і малітвамі падтрымліваюць наш беларускі Касцёл.