Дыяканы афіцыйна завяршылі вучобу ў семінарыі

19 мая дыяканы Андрэй Каўшук, Эрнэст Мікалайчык і Раман Вайцяховіч завяршылі апошні этап семінарыйнай фармацыі, якую яны праходзілі на працягу сямі гадоў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Падчас ранішняй святой Імшы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, дыяканы зрабілі для сябе «рахунак сумлення» адносна таго, як выкарысталі дадзены Богам час на здабыванне ведаў і іншых духоўных каштоўнасцяў. Біскуп, у сваю чаргу, пажадаў выпускнікам дзень пры дні аднаўляць у сабе першапачатковае прагненне ўзрастаць у святасці і любові да бліжняга, прыкладам свайго жыцця і веры дапамагаць людзям усталёўваць глыбокія адносіны з Богам і працягваць справу, якую даручыў ім Хрыстус.

Дыяканы выказалі ўдзячнасць і пашану ўсім выкладчыкам семінарыі, якія перадалі ім веды і падзяліліся сваім духоўным і жыццёвым вопытам.