Адважны крок на шляху да святарства

18 лютага з рук Яго Эксцэленцыі кс. бп Юзафа Станеўскага навучэнцы ІІІ і IV курсаў атрымалі паслугі лектарату і акалітату, а семінарысты V курса сталі кандыдатамі да прыняцця паслугі дыяканату.

Велікапосныя рэкалекцыі, якія адбыліся ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі, вельмі моца паспрыялі падрыхтоўцы будучых святароў да свядомага прыняцця нязвыкла важных паслугаў.

З гэтага моманту лектары будуць не толькі абвяшчаць жыццядайную моц Святога Пісання з амбоны падчас Эўхарыстыі, але таксама чэрпаць з Божага Слова веру і адвагу, каб ператвараць Яго ў жыццё падчас штодзённых абавязкаў. Акалітаў, у сваю чаргу, Касцёл палічыў годнымі дакранацца да Найвялікшай Таямніцы хрысціянскай веры, каб яшчэ больш яны маглі прыпадобніцца да свайго Настаўніка, Езуса Хрыста. Чатыры кандыдаты да прыняцця паслугі дыяканату цяпер рапачнуць рыхтавацца да заданняў, якія Касцёл у будучыні паставіць перад імі, а менавіта -  абвяшчэнне Божага Слова,  дапамога святару падчас цэлебрацыі Літургіі, а таксама служэнне найбольш патрабуючым.

Памятаем у сваёй малітве ўсіх тых, хто няспынна робіць адважныя крокі на шляху да святарства, каб яны заўсёды былі вернымі Евангеллю і мужна распавядалі іншым аб тым, што ўчыніў для іх Хрыстос.