Калядны візіт у семінарыі

8 лютага завяршыўся візіт Ad limina біскупаў Беларусі ў Ватыкан, які, безумоўна, паўплывае на далейшае жыццё Касцёла ў Беларусі. Са свайго боку, семінарыйная супольнасць праз увесь час пілігрымкі іерархаў у Вечны горад духоўна падтрымлівала іх і з нецярплівасцю чакала вяртання дадому.

На наступны дзень пасля прыезду кс. бп Юзаф Станеўскі сустрэўся падчас  супольнай Эўхарыстыі са сваёй семінарыйнай сям’ёй, каб падзякаваць Богу за паспяховае завяршэнне апостальскага візіту і падзяліцца незабыўнымі ўражаннямі ад сустрэчы з Папам Рымскім і кіраўнікамі ватыканскіх дыкастэрый. Пасля Св. Імшы кс. бп Юзаф разам з дыяканамі наведаў пакоі алюмнаў, каб пакрапіць іх асвячонай вадою і памаліцца разам з іх жыхарамі.

Семінарыйная супольнасць ад усяго сэрца ўдзячна іерарху за яго блізкасць, клопат і любоў асабліва да тых, хто імкнецца прысвяціць сваё жыццё Богу і людзям.