Сапоцкін – калыска святочнага прагляду калядак і пастаралак

Калі сённяшні хрысціянін абапіраецца на бацькоўскія традыцыі і веру, то яго жыццё абавязкова звязана з традыцыйнымі спевамі калядак, якія  асабліва моцна ўкараніліся  ў рэлігійным  жыцці Гродзеншчыны. Багацейшы духоўны вопыт нашых продкаў, іх надзвычайны талент, яскравая фантазія і моцная вера адбіліся ў традыцыйных музычных творах, прысвечаных Божаму Нараджэнню. Сапоцкін – калыска святочнага прагляду калядак і пастаралак, які штогод адбываецца ў гэтым нязвыклым месцы.

28 студзеня семінарыйны гурт “Ave” далучыўся да XVII дэканальнага прагляду калядак і пастаралак, які адбыўся ў Доме культуры ў Сапоцкіне. Сёлетняя сустрэча прайшла пад дэвізам “Зорка, свяці, калядка, ляці, містэрыя няхай здзяйсняецца...”. Асалоду і замілаванне выклікалі цікавыя і змястоўныя выступленні прадстаўнікоў шматлікіх парафіі з нашай краіны і з-за мяжы.

Семінарысты ў вышэйшай ступені ўдзячны Богу за магчымасць акунуцца ў цёплую, добрую і душэўную атмасферу мерапрыемства, якое спрыяла пранікненню пачуцця бязмежнай Божай любові ў самыя патаемныя куточкі душы кожнага прысутнага.