Найважнейшая справа на шляху да святарства

“Найважнейшай справай на шляху да святарства і ва ўсім святарскім жыцці з’яўляюцца асабістыя адносіны з Богам у Езусе Хрысце”

Зварот папы Бенедыкта XVI да семінарыстаў

Дзень засяроджання падчас семінарыйнай фармацыі – гэта яшчэ адна магчымасць для семінарыстаў спыніцца ў роздуме над тым, што ці, дакладней, Хто з’яўляецца найважнейшым скарбам у іх жыцці.

Пытанне “Кім для мяне з’яўляецца Хрыстус?” як рэфрэн няспынна спадарожнічала навучэнцам падчас канферэнцый, якія падрыхтаваў а. Валерый Мазюк. Рэкалекцыяніст таксама нагадаў будучым святарам сэнс сапраўднай “перамены мыслення” і тое,  як важна заўсёды быць падатлівым на гэты бясцэнны Божы заклік. Дзякуючы разнастайным жыццёвым прыкладам святара семінарысты мелі магчымасць яшчэ раз усвядоміць сабе прыгажосць, сэнс і адказнасць свайго жыццёвага паклікання.

Семінарыйная супольнасць ад усяго сэрца ўдзячна а. Валерыю за тое, што, нягледзячы на шматлікія штодзённыя абавязкі, знайшоў час, каб падзяліцца з алюмнамі сведчаннем асабістых жывых адносінаў з Хрыстом і багатым святарскім досведам.