Што больш за ўсё аб’ядноўвае людзей?

20 студзеня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылося аплатковае спатканне малітоўнай групы “Маргарытка”

Што больш за ўсё аб’ядноўвае людзей? Можна пералічыць мноства розных фактараў, дзякуючы якім адчуваецца еднасць, блізкасць, адзінства, любоў.  Але на першым месцы – малітва. Гэта сіла, гэта моц, суцяшэнне, падтрымка, дар, які мы ахвяруем Богу і які  збліжае нас, людзей.  Гэта і ёсць самая галоўная мэта членаў апостальскага руху “Маргарытка”, якія з любоўю ахвяруюць сваю  малітву за святароў, бо разумеюць, што такая падтрымка  для іх вельмі важная і неабходная.

20 студзеня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылося аплатковае спатканне малітоўнай групы “Маргарытка”, мадэратарам якой з’яўляецца кс. Валерый Быкоўскі. Звыш 200 прадстаўнікоў гэтай групы з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі прыехалі на сустрэчу, каб падчас Эўхарыстыі ў супольнай малітве праслаўляць Народжанага Пана і скласці адзін другому шчырыя пажаданні. На пачатку сустрэчы адбылася св. Імша, якую ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. Прысутнасць  дапаможнага біскупа Юзафа Станеўскага, шматлікіх святароў, а таксама клерыкаў  семінарыі стварыла атмасферу еднасці,  цеплыні, адказнасці адзін за другога і важнасці той справы, якую выконваюць члены малітоўнай групы. Як важна, каб для кожнага святара знайшлося месца ў сэрцах вернікаў, у іх штодзённай малітве, якая так неабходна для духоўнай абароны тых, каго выбраў Бог на сваё жніво. Маці Божая хоча менавіта таго, каб хрысціяне змяшчалі святароў у цэнтры сваёй малітвы, сваіх сэрцаў, сваіх думак. Таму напрыканцы Імшы знакам малітоўнай падтрымкі стала ўжо традыцыйнае ўручэнне “маргарытак” прысутным святарам.

Падчас ламання аплаткай у зале Яна Паўла ІІ у незвычайна цёплай і сямейнай атмасферы  было сказана шмат прыемных слоў, складзена пажаданняў. Так павінна быць у сапраўднай сям’і, у якой клопат за кожнага, любоў і міласэрнасць да бліжняга  з’яўляюцца неабходнай умовай жыцця, тым паветрам, без якога немагчыма ніводная хвіліна існавання.

Менавіта такія сустрэчы фарміруюць сапраўдныя хрысціянскія каштоўнасці,  дзякуючы ім праўда Хрыста трыумфуе на Зямлі і аб’ядноўвае людзей для пошукаў сапраўдных скарбаў, для распаўсюджання ўзаемападтрымкі і  любові, для духоўнай сувязі вернікаў і душпастыраў.