Час, каб спыніцца над таямніцай свайго паклікання

З 5 па 7 студзеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне праходзілі рэкалекцыі «Распазнанне паклікання» на тэму «Не бойцеся! Абвяшчаю вам вялікую радасць... сёння ў горадзе Давіда  нарадзіўся нам Збаўца... » (пар Лк 2,10-11).

Асноўная ідэя сустрэч, якія адбываліся пад кіраўніцтвам кс. Андрэя Лішко і кс. Валерыя Быкоўскага, зводзілася да таго, каб абудзіць у юнакоў адказнасць за выбар уласнай жыццёвай сцежкі, а таксама аднавіць прагненне ставіць Божую волю на першае месца, каб быць здольнымі ўзгадняць свае думкі з думкамі Бога.

Насычаная рознымі мерапрыемствамі праграма дня прадугледжвала таксама магчымасць асабістай сустрэчы юнакоў са святарамі і клерыкамі, падчас якіх кожны жадаючы мог падзяліцца ўласным перажываннем веры і задаць хвалюючыя  пытанні.

Маем надзею, што гэтыя рэкалекцыі паўплываюць на духоўнае жыццё міністрантаў, стануць штуршком для таго, каб час ад часу яны спыняліся над таямніцай свайго паклікання, што дапаможа ім станавіцца сапраўднымі вучнямі Хрыста і сведкамі Яго бязмежнай любові і дабрыні.