Аплаткавая сустрэча духовенства Гродзенскай дыяцэзіі

22 снежня ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў межах аплаткавай сустрэчы духавенства Гродзенскай дыяцэзіі адбылася святая Імша ў інтэнцыі кс. Тадэвуша Вышынскага ў першую гадавіну яго смерці.

 

Падчас супольнай Эўхарыстыі  кс. бп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што смерць невыказна блізкага семінарыйнай супольнасці прафесара з’яўляецца таксама вялікай стратай для ўсяго мясцовага Касцёла. Спачылы святар сваёй руплівасцю і адданным служэннем узбагаціў Касцёл на Гродзеншчыне, а яго нязвыклая асоба вельмі моцна паўплываў на фармацыю будучых святароў.

Працягам мерапрыемства стала аплаткавая сустрэча святароў, семінарыстаў і сясцёр законных, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.

Ад імя ўсіх прысутных словы віншавання з нагоды набліжэння свята Божага Нараджэння да гродзенскага ардынарыя скіраваў біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх пажадаў, каб распачатая ў гэтым годзе гістарычная падзея, якой з’яўляецца І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, прынесла багатыя духоўныя плёны, якія паспрыяюць ажыўленню рэлігійнага жыцця ў дыяцэзіі .

Падчас узаемных віншаванняў біскупы дзякавалі святарам i манахіням за ахвярнае служэнне вернікам і за ўсе душпастырскія акцыі, якія яны рэалізуюць у сваіх парафіяльных супольнасцях.