Семінарыйная супольнасць акунулася ў святочную атмасферу надыходзячага свята

21 снежня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася вігілійная вячэра. На ёй сабраліся ўсе, хто ўтварае семінарыйную супольнасць: навучэнцы, выкладчыкі і свецкія супрацоўнікі.

Прысутнічалі таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Супольная малітва, дзяленне аплаткай, кранальныя словы віншаванняў, спеў калядак  - усё гэта спрыяла таму, каб прысутныя акунуліся ў святочную атмасферу надыходзячага свята.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў, каб сёлетнія святы былі сапраўдным спатканнем з Богам, які прыходзіць з невыказна радасным і жыццесцвярджальным пасланнем да кожнага чалавека. Іерарх пажадаў таксама, каб кожны мог асабіста паглыбіцца ў сэнс гэтай падзеі і стаць сапраўдным сведкам бясконцай Божай любові ў сучасным свеце.

На наступны дзень семінарысты раз'ехаліся па сваіх дамах,  у свае парафіяльныя супольнасці, каб дзяліцца з блізкімі той невымоўнай асалодай, якую  яны чэрпаюць з перажывання самай нязвыклай падзеі ў гісторыі чалавецтва - уцелаўлення Божага Сына.