Новыя слугі алтара будуць служыць Хрысту ў Яго Касцёле

Міласэрныя, старанныя, якія паступаюць згодна з праўдаю Пана, які стаў слугою ўсіх (св. Палікарп)

8 снежня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя шматлікія вернікі з розных куткоў Беларусі сталі сведкамі нязвыкла важнай і хвалюючай  падзеі – удзялення дыяканскага пасвячэння праз ускладанне рук кс. бп Аляксандра Кашкевіча тром навучэнцам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне: Андрэю Каўшуку, Эрнэсту Мікалайчыку і Раману Вайцяховічу.

Напярэдадні пасвячэння будучыя дыяканы прынялі ўдзел у рэкалекцыях, якія непасрэдна падрыхтaвалі іх да гэтай важнай падзеі. Рэкалекцыі праводзіў кс. Ян Сарэла, духоўны айцец семінарыстаў.

Новыя слугі алтара будуць служыць Хрысту ў Яго Касцёле. “Дыякан, з даручэння кампетэнтнай улады, можа ўрачыста ўдзяляць хрост, захоўваць і раздаваць Эўхарыстыю, ад імя Касцёла дапамагаць пры ўдзяленні сужэнства і благаслаўляць яго, удзяляць Віятык паміраючым, чытаць Святое Пісанне верным, настаўляць і заахвочваць народ, кіраваць набажэнствам і малітваю верных, здзяйсняць сакрамэнталіі, кіраваць абрадам жалобы і пахавання” (Conc. Vat.  II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, 29.)

Пане Езу, атулі  новапасвечаных дыяканаў  ласкаю свайго благаслаўлення, аддалі ад іх усялякія спакусы  і  ўмацуй у святасці, каб  яны   ахвотна і самааддана пазнавалі  Цябе і такім чынам годна служылі ў Тваім  Касцёле.