Спрыяльны час

Дзень засяроджання – спрыяльны час для тых, хто хоча спыніцца ў імклівым рытме штодзённага жыцця і схіліцца над вялікай таямніцай любові Бога да чалавека. Невыпадкова духоўныя практыкаванні прыпалі на час Адвэнту, калі кожны семінарыст імкнецца аддаліцца ад празмернай занятасці і паразважаць над тым, Хто з’яўляецца для яго найвялікшым скарбам і сэнсам усяго жыцця і што перашкаджае яму, каб падрыхтаваць сваё сэрца да сустрэчы з Ім.

У гэтых цудоўных памкненнях навучэнцаў суправаджаў кс. Руслан Мазан, архівіст Гродзенскай курыі і выкладчык духоўнай семінарыі. Разважанні рэкалекцыяніста дапамагалі будучым святарам акунуцца ў атмасферу малітвы, цішыні і засяроджанасці, каб паглядзець на свае адносіны з Хрыстом з адлегласці, аднавіць свой першапачатковы запал прысвяціць жыццё Богу і адказаць сабе на пытанне, ці добра выкарыстоўваецца час, дадзены Богам, для фарміравання сябе як асобы, якая панясе Божае слова іншым.

Семінарыйная супольнасць ад усяго сэрца ўдзячна кс. Руслану за тое, што, нягледзячы на шматлікія святарскія абавязкі, знайшоў час, каб падзяліцца з алюмнамі досведам асабістых адносінаў з Богам і нагадаць, чым з’яўляецца сапраўдная малітва і якое месца яна павінна займаць у жыцці сучаснага вучня Хрыста.