Майстэрства смяяцца з сябе

Смех – гэта сонца: яно праганяе зіму з чалавечага твару (В. Гюго)

Штогод апошнія дні літургічнага календара ў семінарыйнай супольнасці ў Гродне перажываюцца з усмешкай на тварах. Навучэнцы дзеляцца з выхавацелямі радаснымі момантамі семінарыйнага жыцця, інсцэніруюць розныя недарэчныя здарэнні за мінулы год, а таксама вучацца майстэрству смяяцца з сябе і заўважаць камічныя бакі ў розных штодзённых з’явах.

Гэты год не стаў выключэннем для Вышэйшай духоўнай семінарыі. 2 снежня ў актавай зале імя Яна Паўла II адбыліся “Анджэйкі”. Свята, якое пакідае пасля сябе безліч незабыўных эмоцый і ўспамінаў, а таксама скарачае адлегласць паміж яе ўдзельнікамі і дапамагае будаваць братэрскую супольнасць у духу сапраўднага даверу, узаемападтрымкі і любові.

Семінарыйная супольнасць удзячна ўсім тым, хто далучыўся да арганізацыі мерапрыемства, якое, несумненна, аднавіла духоўныя сілы будучых святароў для далейшай падрыхтоўкі сваіх сэрцаў да вельмі важнага перыяду чакання Пана – Адвэнту.