Ліст рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі з нагоды семінарыйнай нядзелі ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету

Шаноўны ксёндз пробашч, ксяндзы вікарыі і законныя сёстры!

Узлюбленныя ў Хрысце Пану, браты і сёстры!

 

Езус Хрыстус – Пераможца, Пан Сусвету і Валадар! Гэтую песню спяваем мы ў сённяшнюю нядзелю Хрыста Валадара Сусвету. 11 снежня 1925 года Папа  Пій XI устанавіў для ўсяго каталіцкага  свету ўрачыстасць Хрыста Валадара. Устанаўліваючы  гэтае свята, Папа нагадаў, што Хрыстус з’яўляецца  Альфай і Амегай, пачаткам і канцом усяго.

Урачыстасць Хрыста Валадара па сваёй сутнасці ўказвае на канчатковую мэту чалавечага жыцця, г.зн. на аб’яднанне  з Богам і адданасць  Яго любові ў   Валадарстве Божым.  Валадараства  Хрыста праяўляецца ў збаўленні чалавека. Перад сваёй  смерцю на крыжы Ён даказаў вялікую любоў да ўсіх людзей, і, даруючы нашы грахі, прымірыў нас з Богам Айцом, і зрабіў новым выбраным народам.

У іканаграфіі Хрыстус Валадар са старажытных часоў прадстаўлены як Пантакратар, ці Усеўладны, які, седзячы на троне, мае пад нагамі зямлю ці трымае  зямны  шар у далоні.  Так прадстаўляюць Езуса старыя абразы і мазаікі. Так Ён прадстаўлены ў  Апакаліпсісе – як той, які  сядзіць на троне і якому  пакланяюцца ўсе стварэнні.

Сённяшняя ўрачыстасць устаноўлена для таго, каб нагадаць нам, што чалавечае жыццё і ўсё нас акаляючае мае свой пачатак і канец у Богу. Езусу Хрыстусу,  “Валадару Валадароў”  мы аддаём нашу даніну павагі, хвалу і пашану. Нягледзячы на ​​тое, што ён не насіў  залатую карону, а толькі цярновую, хоць не сядзеў на каралеўскім троне, а толькі быў распяты на крыжы, хоць у яго не было войска, як у зямных каралёў, тым не менш, Хрыстус з’яўляецца Валадаром Сусвету.

Сённяшняя Літургія Слова пачынаецца урыўкам з кнігі  прарока Езэкііля, які паказвае Хрыста  як Пастыра людзей. Бог прадказаў праз прарока, што ён сам будзе шукаць сваіх авечак і  сам будзе іх пасвіць. Бог знойдзе страчаных, верне блудных, вылечыць скалечаных,  умацуе  хворых. Бог выканаў запаведзь: паслаў на свет свайго сына –  Добрага Пастыра.

Хрыстус Валадар – гэта Добры Пастыр, які клапоціцца пра сваіх авечак. Валадаранне Хрыста адрозніваецца ад валадарання ў нашым чалавечым разуменні. Евангелле паводле Мацвея апісвае канчатковы суд:  Хрыстус-Пастыр прыйдзе  ў славе сваёй  і ўсе анёлы з Ім, тады  сядзе  на троне славы сваёй. І сабраныя будуць перад Ім усё народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, авечак ад казлоў.  Ведаем словы Хрыстуса, скіраваныя да адных і другіх:  «Што  вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц. 25, 40). Словы Хрыста паказваюць нам шлях да Яго валадарства. Суд паказаў паўнату каралеўскай  улады  Хрыстуса. Святы Павел гаворыць: “Тады Хрыстус  перадасць Валадарства  Богу і  Айцу, каб Бог быў усё ва ўсім“ (1 Кар. 15,24-28).

Хрыстусу не абыякавы ні адзін чалавек. Ён клапоціцца аб тых, хто пазбаўлены зямной велічы,  і асабліва праяўляе любоў  і схіляецца перад тымі, хто абцяжараны жыццём, галодны, бедны, хворы і зняволены. Для гэтых людзей Езус з’яўляецца аўтэнтычным Валадаром любові і міласэрнасці.

Дарагія парафіяне! Сёння мы перажываем семінарыйную нядзелю. Семінарыя ў Гродне можа існаваць і выконваць сваю фармацыйную задачу  дзякуючы зычлівай дапамозе нашых Святароў і Вернікаў.

Сёстры і браты, гэта Вы з’яўляецеся сябрамі і  дабрачынцамі нашай навучальнай установы, гэта вы  пастаянная крыніца матэрыяльнай і духоўнай падтрымкі, якую мы адчуваем кожны дзень. Сёння мы гаворым вам шчыра: Бог аддзячыць вам за  гэтую дапамогу. Варта падкрэсліць, што нават у самыя цяжкія часы семінарыя атрымлівала  падтрымку вернікаў нашай дыяцэзіі. У гэтым мы перакананы і сёння, калі асмельваемся звярнуцца да вас з сардэчнай просьбай аб малітве і матэрыяльнай падтрымцы, неабходнай для функцыянавання нашай семінарыі.

Мы хацелі б нагадаць вам, што духоўная семінарыя не атрымлівае ніякай фінансавай дапамогі з боку дзяржавы, паколькі  гэта прыватная касцёльная ўстанова. Мы разлічваем на любячае сэрца вернікаў нашай дыяцэзіі. Гаворым сардэчнае “аддзяч Божа” за ахфяры, складзеныя сёння, за сабраныя і прывезеныя да нас прадукты харчавання. Мы выказваем падзяку нашым Ахвярадаўцам праз штодзённую малітву за ахвярадаўцаў у семінарыйнай супольнасці.

Усім, хто падтрымлівае нашу семінарыю і прыходзіць да  нас з якой-небудзь дапамогай, мы жадаем Божага  благаслаўлення. Хай Хрыстус Валадар благаславіць вас, вашы сем'і, а Маці Божая  «Пані Вастрабрамская» абараняе ад усяго злога.

Браты і сёстры! Калі мы пачынаем і заканчваем дзень заклікам «Прыйдзі Валадарства Тваё», калі мы спяваем «валадар над  намі,  валадар  на ўсе стагоддзі ...», то прызнаём  Хрыстуса  Валадаром нашых сэрцаў і правадыром у асабістым і грамадскім жыцці.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла нагадвае нам пра тое, што Хрыстус, які сядзіць “ праваруч  Айца” прысутнічае  з намі ў Касцёле. Мы ўжо з’яўляемся ўдзельнікамі Валадарства Хрыстовага, а пытанне нашай прысутнасці ў Валадарстве Хрыстовым – гэта пытанне нашай актыўнасці і адказнасці за наш Касцёл.

Гэта пытанне аб тым, як прыняць удзел у Эўхарыстыі, пытанне аб чытанні св. Пісання і якасці нашай малітвы. Пытанне аб нашай прысутнасці ў Валадарстве  Хрыстуса з’яўляецца пытаннем аб тым, ці знаходзіцца Езус і Яго вучэнне ў цэнтры нашага жыцця, ці не абмяжоўваем мы  сферу яго ўплыву?

Ці  трыумфуе праз мяне  валадарства Хрыста на зямлі, ці сведчу я пра яго?  Валадарства Езуса не з гэтага свету, але праз нас павінна прысутнічаць у гэтым свеце. Евангелізацыя і сведчанне – гэта найлепшае праслаўленне Хрыста Валадара і ажыццяўленне Божага Валадарства на зямлі.

 

З памяццю ў малітве выхаваўцы і выкладчыкі

Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне.

Гродна, 26 лістапада 2017 г.