Адчуць сябе адзінай сям’ёй

Апошнія дні бягучага тыдня для клерыкаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сталі сапраўды незвычайнымі,  насычанымі рознымі падзеямі.

17 лістапада навучэнцы атрымалі цудоўную магчымасць ажыццявіць паездку ў Вільню, усхвалены не адным пакаленнем вернікаў горад, каб ушанаваць вобраз Той, якая збірае ў гэтым святым месцы тысячы паломнікаў. Пабыць сам-насам з Апякункай Гродзенскай дыяцэзіі, зачэрпнуць з нязмернай глыбіні Яе мацярынскай любові сілы, мудрасці, адвагі дзеля таго, каб працягваць несці свету моц Божага Евангелля – асноўная мэта сёлетняй пілігрымкі.

Семінарыйная супольнасць таксама прыняла ўдзел ва ўрачыстай св. Імшы, падчас якой малілася ў інтэнцыі ўсіх вернікаў беларускай зямлі разам з кс. арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які яе цэлебраваў. Пасля гэтага кожны з алюмнаў атрымаў унікальную магчымасць стаць у падножжа цудадзейнага абраза Маці Божай Міласэрнасці і падзякаваць за ўсе атрыманыя ласкі, якімі Бог нястомна адорвае  будучых святароў.

Надзвычай змястоўнай, багатай шматлікімі ўражаннямі і эмоцыямі атрымалася пілігрымка ў Вільню. Яна  дазволіла семінарыйнай супольнасці яшчэ больш адчуць сябе адзінай сям’ёй і паспрыяла  духоўнаму станаўленню кожнага семінарыста  на дарозе да святарства.