Распачацце I Сінода Гродзенскай дыяцэзіі

16 лістапада, ва ўрачыстасць галоўнай Заступніцы дыяцэзіі –  Маці Божай Вастрабрамскай, наша семінарыйная супольнасць прыняла ўдзел у важнай падзеі –  распачацці I Сінода Гродзенскай дыяцэзіі.

 

На пачатку праграмы ў гімне да Святога Духа ўдзельнікі мерапрыемства прасілі, каб Ён напоўніў іх сваім святлом і сваёю моцай. Тым самым вернікі выказалі давер да дзейнасці Божага Провіду ў кожны момант свайго жыцця, а асабліва падчас сінадальнай пілігрымкі веры.

Працягам насычанай духоўнай праграмы стала ўрачыстая Святая Імша, якая сабрала святароў і кансэкраваных асобаў з усёй дыяцэзіі, прыбыў таксама першы сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі прэлат Марынко Антолавіч. Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі адкрыцця Сінода, адзначыў, што гэта выключная і гістарычная падзея, мэта якой – ажывіць рэлігійнае жыццё ў Касцёле на Гродзеншчыне, умацаваць веру ў людзях, аднавіць вернасць спадчыне мінулага і адвагу позірку ў будучыню.

“Божа, Адзіны ў Святой Тройцы, з’яднаныя ў супольнасці гродзенскага Касцёла, мы хочам разам вырушыць у дарогу, каб добра падрыхтаваць і плённа перажыць першы дыяцэзіяльны сінод. Просім Цябе, Ойча, поўны міласэрнасці, напоўні нас сваёй праўдай, любоўю і супакоем, каб мы верна здзяйснялі Твой план збаўлення чалавецтва, былі адкрытыя на дар актыўнага супрацоўніцтва ўсіх вернікаў дыяцэзіі” – урывак з малітвы ў інтэнцыі I Сінода Гродзенская дыяцэзіі.