Выйсці з руціны і прызвычаенасці

“Бог ёсць любоў, і хто трывае ў любові, у Богу трывае, і Бог у ім” (1 Ян 4,16)

Дзень засяроджання – гэта святы час. Дзеянне Святога Духа ў гэтыя хвіліны выключна плённае. Для семінарыстаў – гэта асаблівы час ласкі, рэфлексіі і навяртання, які дапамагае выйсці з руціны  і прызвычаенасці, каб па-новаму распаліць у сабе полымя першапачатковай стараннасці ў наследаванні Хрыста.

 

Духоўным кіраўніком чарговых рэкалекцый, якія для навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся 5 лістапада, стаў кс. канонік Юзаф Ханчыц. Падчас канферэнцый рэкалекцыяніст спрабаваў скіраваць думкі i ўвагу семінарыстаў на няспыннае дзеянне Божага Духа ў жыцці тых, хто вырашыў працягваць апостальскую місію першых вучняў Хрыста. Таксама ён неаднаразова падкрэсліваў, што любоў з’яўляецца асноўнай нормай жыцця кожнага веруючага і ўсёй касцёльнай супольнасці. Звяртаючыся да алюмнаў, святар адзначыў, што трэба дзякаваць за кожную хвіліну, якую дае Бог, цаніць і добра выкарыстоўваць час семінарыйнай фармацыі, каб здабыць як найбольш жыццёвай мудрасці і ўсталяваць глыбокія адносіны з Богам.

Уся семінарыйная супольнасць бясконца ўдзячна шаноўнаму кс. Юзафу за той  бясцэнны духоўны досвед, якім святар так шчыра і бескарысліва дзяліўся і які, безумоўна, паспрыяе больш глыбокай і якаснай падрыхтоўцы будучых паслядоўнікаў Езуса Хрыста.