“Бітва розумаў“

У нашай семінарыі адбылася інтэлектуальная гульня пад назвай “Бітва розумаў“.

 

Перыяд семінарыйнай фармацыі – гэты нязвыкла насычаны, адказны этап, падчас якога малады чалавек паглыбляе сваё пакліканне і ўмацоўваецца ў гатоўнасці прысвяціць жыццё Богу і найбольш патрабуючым. Але асоба будучага святара фарміруецца таксама пад уплывам шматлікіх іншых фактараў, якія вучаць перш за ўсё стаць добрым чалавекам, чалавекам шчырым і спагадлівым, тактоўным і інтэлігентным, добразычлівым і адказным.

З гэтай нагоды ў ВДС у Гродне адбылася інтэлектуальная гульня пад назвай “Бітва розумаў“, у якой былі задзейнічаны амаль усе навучэнцы семінарыі. Праграму і пытанні падрыхтаваў кс. прэфект Андрэй Лішко. Каманды складаліся з трох семінарыстаў з кожнага курса.

Падрыхтаваныя пытанні датычыліся не толькі рэлігійнага жыцця, але і літаратуры, хіміі, матэматыкі, гісторыі, мастацтва і г. д.  Адказ на многія пытанні залежаў ад логікі і кемлівасці ўдзельнікаў. Пераможцамі стала каманда 1 курса.

Правядзенне такога роду мерапрыемстваў стала ўжо добрай традыцыяй у сценах нашай Alma Mater, падчас якіх набываюцца веды, выпрацоўваюцца адпаведныя навыкі, якія, безумоўна, спатрэбяцца семінарыстам у будучай душпастырскай дзейнасці. Навучэнцы вельмі ўдзячны кіраўніцтву семінарыі за прыемныя хвіліны, атрыманыя падчас гульні, якія дапамагаюць будаваць братэрскую супольнасць у духу сапраўднай хрысціянскай любові.