Знайсці сябе і свой лёс на Ягоных шляхах

15 лістапада ў ВДС у Гродне прайшлі духоўныя практыванні, якія правёў кс. др Аляксандр Мацкевіч.

 

“…Падчас духоўных практыкаванняў найважнейшым з’яўляецца нават не тое, што хоча падкрэсліць у канферэнцыях рэкалекцыяніста, а тое, што Бог хоча заставіць у сэрцах кожнага з удзельнікаў.”

Кс. Аляксандр Мацкевіч

Дзень засяроджання – гэта невыказны Божы дар і запрашэнне для тых, хто хоча скарыстаць гэты святы час дзеля паглыбення сваіх адносінаў з Хрыстом, аднаўлення і ачышчэння сваіх духоўных памкненняў, а таксама каб знайсці сябе і свой лёс на Ягоных шляхах.

З гэтай нагоды 15 лістапада ў ВДС у Гродне прайшлі духоўныя практыванні, якія правёў кс. др Аляксандр Мацкевіч. Крок за крокам рэкалекцыяніст накіроўваў семінарыстаў на сцежку, якую Бог падрыхтаваў для Закхея, біблійнага персанажа, перад тым, як Хрыстос выказаў глыбокае прагненне загасціць у ягоным доме.

Навучэнцы вельмі ўдзячны семінарыйным уладам за стварэнне неабходных умоваў для таго, каб паглядзець на сваё жыццё з адлегласці, аднавіць першапачатковы запал служэння Богу і бліжняму, а таксама зрабіць адпаведны рахунак сумлення з таго, якое месца ў сэрцах будучых святароў займае Хрыстос, “вуснамі” якога падчас гэтых рэкалекцый стаў кс. Аляксандр Мацкевіч.