Пілігрымка ў Капцёўку

Раніцай 17 верасня семінарысты ВДС у Гродне разам з моладдзю і шматлікімі вернікамі розных парафій вырушылі да Маці Божай Яснагорскай у Капцёўку, якая штогод збірае сваіх дзяцей у гэтым святым месцы.

Пілігрымка – нязвыкла багаты на Божыя дары час, асабліва для тых, хто хоча распачаць новы навучальны год разам з Марыяй, Цярпліва Слухаючай на Узгорку Надзеі. Шлях, на якім абавязкова сустрэнеш блізкіх па-духу людзей, каб разам з імі дзякаваць Богу за магчымасць  цудоўна правесці гэты дзень у глыбокай еднасці з нашай Найлепшай Маці.

У гэтым годзе да ўдзелу ў пілігрымцы далучыліся нашы першакурснікі, каб асабіста пакланіцца і падзякаваць за ўсе атрыманыя ласкі Найсвяцейшай Панне Марыі і прасіць падтрымкі ў сваёй Нябеснай Маці падчас далейшай духоўнай фармацыі.