Семінарыйная супольнасць віншуе са святам 8 сакавіка

11 сакавіка семінарыйная супольнасць у Гродне з нагоды мінулага Міжнароднага жаночага дня сабралася на супольнай Эўхарыстыі, каб маліцца за жанчын, якія сваёй адданай працай у сценах семінарыі на працягу многіх гадоў далучаюцца да важнай справы фарміравання асобы святара.

Святую Імшу ўзначаліў кс. бп Юзаф Станеўскі. Падчас літургіі ён выказаў самыя шчырыя словы падзякі  як  тым жанчынам, якія працуюць у семінарыі, так і ўсім маці, сёстрам, бабулям, каго ў сваіх сэрцах узгадалі  ўдзельнікі Святой Імшы. Падчас гаміліі кс. рэктар Раман Рачко адзначыў ролю кожнай з жанчын у справе падрыхтоўкі семінарыста і выказаў падзяку за тое, што сваёй мацярынскай цеплынёй, шчодрасцю і любоўю яны ствараюць сапраўдную сямейную ўтульнасць.

Уся семінарыйная супольнасць віншуе ўсіх жанчын і жадае ім няспынна ўзрастаць у прагненні наследаваць Найсвяцейшую Панну Марыю  ў веры і ахвярнасці Пану, штораз больш усведамляць бясцэннасць свайго жыццёвага паклікання і заўсёды заставацца сімвалам прыгажосці і зачаравання.